У Беларусі зноў падаражэла паліва
Першае ў гэтым годзе падвышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва. Канцэрн “Белнафтахім” абвясціў, што кошты з 13-га студзеня падвышаюцца ў сярэднім на чатыры і сем дзясятых працэнта. У той жа час, напрыклад, у Польшчы, на фоне падзення сусветных коштаў на нафту, паліва наадварот – таннее.
Як заўважае эканамічная аглядальніца выдання “Беларусы і рынак” Таццяна Манёнак, у Польшчы дзейнічаюць рыначныя механізмы, а ў Беларусі – адміністрацыйныя:
– Самае істотнае, што Расея з гэтага году пачала падаткавы манеўр у нафтавай галіне – зніжае мыты на нафту і нафтапрадуты і падвышае мыты на здабычу карысных выкапняў. Гэта значыць, што Беларусь у гэтым годзе купляе расейскую нафту прыкладна на 100 даляраў даражэй.
Праўда, заўважае аглядальніца, Расея расплацілася за свой падаткавы манеўр, дазволіўшы Беларусі пакідаць у сваім бюджэце ўсе мыты ад нафтапрадуктаў, якія раней паступалі ў расейскі бюджэт. Аднак, гэтыя мыты – каля двух мільярдаў даляраў – пойдуць на аплату знешніх пазыкаў, таму нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы нічога з іх не атрымаюць. Адзначым, што сёлета Беларусь павінна выплаціць каля чатырох мільярдаў даляраў знешніх пазыкаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Пра чарговае падаражэнне паведамілі на шэрагу менскіх аўтазаправачных станцый. «Цэны на ўсе маркі паліва павялічыліся прыкладна на пяцьсот рублёў», — паведамілі на адной з АЗС «Беларуснафта».
Мінулы раз цэны на паліва мяняліся 1-га кастрычніка мінулага года, калі бензін АІ-92 падаражэў да даляра за адзін літр. З таго часу курс даляра вырас больш як на 30%.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота gp.by