У Беларусі зноў паскорылася інфляцыя



Паказчык гадавой інфляцыі ў Беларусі зноў дэманструе рост. Калі ў жніўні рост склаў 2,3% год да года, у верасні — 2%, то ў кастрычніку гэты паказчык выйшаў на ўзровень 3,7%. На гэта звярнулі ўвагу эксперты Еўразійскага банка развіцця. У банку нагадваюць, што ў мінулым кастрычніку ў Беларусі была зафіксаваная дэфляцыя (у 1%), гэта і паўплывала на кастрычніцкі паказчык інфляцыі сёлета.

Прыкметна падаражэлі харчовыя тавары —на 4,3%, калі параўноўваць цяперашнія цэны з кастрычнікам мінулага года.

Прыёрбанк пачаў рабіць пераводы ў еўра ў Польшчу

Пераводы ў еўрапейскай валюце на PKO Bank Polski S.A. сталі даступныя кліентам Прыёрбанка. Як паведамілі ў банку, мінімальная сума пераводу павінна быць эквівалентная тром тысячам беларускіх рублёў, атрымальнікамі могуць быць як грамадзяне Польшчы, так і беларусы, якія пражываюць у гэтай краіне, заўважыў Office Life.

Пераводы адносна недарагія: камісія складае 0,5%, мінімальная сума камісіі – 150 рублёў, максімальная – 2,5 тысячы рублёў. Верхняя планка сумы пераводу не абмежавана. Да гэтага банк адпраўляў за мяжу пераводы ў злотых, фунтах стэрлінгаў, шведскіх кронах, швейцарскіх франках, кітайскіх юанях і тэнге. Для ажыццяўлення пераводу анлайн можна пакінуць заяўку на сайце банка.

У Беларусі будзе новы міністр эканомікі. Цяперашняга накіравалі ў Кітай

Аляксандр Чарвякоў, які да 20 лістапада займаў пасаду міністра эканомікі, прызначаны паслом Беларусі ў Кітаі. Адпаведныя кадравыя рашэнні прыняў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Чарвякоў — выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. У 2010–2017 гадах узначальваў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі. Пасля быў намеснікам, першым намеснікам міністра эканомікі, у студзені 2020 года ўзначаліў міністэрства. Чарвякоў зменіць на пасадзе пасла ў Кітаі Юрыя Сянько, які прадстаўляў Беларусь у гэтай краіне з лістапада 2020 года, а да таго быў старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта. (Позірк)

Самую дарагую ў свеце бутэльку спіртнога ацанілі ў 2,7 млн. даляраў

Рэдкі аднасоладавы віскі Macallan 1926 года быў прададзены на аўкцыёне Sotheby’s за рэкордную для аўкцыёнаў суму. Гэта больш чым удвая даражэй за арыенціровачны кошт, названы экспертамі, піша BBC.

Паведамляецца, што гэты віскі 60 гадоў вытрымлівалі ў бочках з-пад хераса з цёмнага дуба, пасля чаго ў 1986 годзе ён быў разліты ў 40 бутэлек. Большасць з іх у адкрыты продаж не паступілі, а былі наўпрост прапанаваны буйным кліентам. У папярэдні раз такую бутэльку прадалі на Sotheby’s за £1,5 млн. Вартасць менавіта гэтай бутэлькі для калекцыянераў палягае на тым, што яна ўвайшла ў лік 12, этыкеткі для якіх былі створаны італьянскім мастаком Валерыё Адамі. Цяпер невядома, колькі такіх бутэлек захавалася.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: belmarket.by.