У Беларусі зноў выраслі цэны на бензін і дызпаліва



2 верасня цана паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі вырасла на капейку.

„З мэтай кампенсацыі для НПЗ росту цаны на нафту працягваецца паэтапнае павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва”, — паведамляе канцэрн „Белнафтахім”.

Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,33 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,41 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,62 рубля, ДТ — 1,41 рубля.

Згодна са звесткамі „Белнафтахіма”, за сем месяцаў 2018 года адносна аналагічнага леташняга перыяду цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35%. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за названы перыяд павялічыліся ў сярэднім на 14%.

„Наяўны ўзровень цэн на нафтапрадукты на ўнутраным рынку не кампенсуе НПЗ абгрунтаваныя затраты на вытворчасць, у выніку чаго нафтаперапрацоўчая галіна паводле вынікаў працы за названы перыяд атрымала страты, — растлумачылі ў канцэрне. — На падставе маніторынгу асноўных фактараў, якія ўплываюць на кошт маторнага паліва, — цаны на нафту, падатковага цяжару, узроўню цэн у сумежных дзяржавах, курсаў валют, іншых паказчыкаў, а таксама з улікам фінансавага стану нафтаперапрацоўчай галіны Рэспублікі Беларусь канцэрнам прынятае рашэнне аб працягу палітыкі паэтапнага павышэння цэн на аўтамабільнае паліва”.

У 2018 годзе гэта ўжо 14-я змена цэн на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цана была павышаная 26 жніўня: бензін і дызпаліва падаражэлі на адну капейку.

Летась цана на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш як два гады (пасля 13 студзеня 2015 года) не змянялася.

belapan.by