У Беларусі зноў змяніліся цэны на аўтамабільнае паліва
У Беларусі зноў патаннела на адну капейку аўтамабільнае паліва. Цэны змяніліся з 2 мая, паведамляе „Белнафтахім”.
Ад аўторка цэны за літр паліва наступныя:
АІ-92 — 2,27 рубля;
АІ-95 — 2,37 рубля;
АІ-98 – 2,59 рубля;
дызельнае паліва — 2,37 рубля.
За гэтую вясну аўтамабільнае паліва ў Беларусі таннее на адну капейку ўжо дзявяты раз. Упершыню гэта адбылося сёмага сакавіка і ў далейшым цэны змяняліся штотыдзень. Перад гэтым цэны на паліва змяняліся летась у чэрвені, але тады паліва падаражэла на дзве капейкі, што стала 18-м па ліку падаражаннем паліва за мінулы год.
Стаўка рэфінансавання ў Беларусі – зніжаная
З 2 мая стаўка рэфінансавання зніжаная да 10% гадавых. Такое рашэнне прыняло нядаўна праўленне Нацбанка. Стаўка знізілася на палову працэнтнага пункта. Папярэдні раз яна зніжалася ў пачатку красавіка. Агулам гэта чацвёртае зніжэнне стаўкі рэфінансавання сёлета.
Зніжэнне стаўкі рэфінансавання ў Нацбанку тлумачаць запаволеннем тэмпаў інфляцыі. “Пры ўмове адсутнасці шокаў чакаецца захаванне нізкіх штомесячных тэмпаў прыросту цэн на спажывецкім рынку, што ў бліжэйшыя месяцы падтрымае трэнд на запаволенне гадавой інфляцыі”, — паведамляе рэгулятар. Што важна: велічыня стаўкі рэфінансавання ўплывае на даступнасць крэдытаў.
Беларусы ўстанавілі чарговыя рэкорды па крэдытах
Даўгі беларусаў па крэдытах на пачатак красавіка павялічыліся да 17 мільярдаў 335,1 мільёнаў рублёў, паведамляе Нацбанк. І гэта амаль на 213 мільёнаў рублёў больш, чым у мінулым месяцы. Агульная запазычанасць беларусаў па банкаўскіх пазыках расце дзясяты месяц запар. У гэтай суме ўлічваюцца спажывецкія крэдыты, крэдыты на нерухомасць, на аўтамабілі, а таксама картачкі растэрміноўкі.
Дарэчы, банкі сёлета пачалі зніжаць працэнтныя стаўкі па многіх крэдытах. Гаворка ідзе пра тыя крэдыты, якія прывязаныя да стаўкі рэфінансавання.
Як змяняецца курс даляра?
Курс наяўнага даляра ў красавіку вырас на паўтара працэнта, а з пачатку года – на 6,3%.
З 2,71 да 2,88 рублёў вырас у студзені-красавіку сярэдні курс наяўнага даляра, сведчыць праведзены @pozirkonline аналіз каціровак.
Пры гэтым за апошні месяц сярэдні курс куплі даляра вырас на 1,35% (з 2,83 да 2,86 рублёў), а курс продажу – на 1,61% (з 2,86 да 2,91 рублёў).
Беларускае Радыё Рацыя
Фота novychas.online