У Беларусі знятыя абмежаванні па продажы алкаголю (абноўлена)



Па даручэнні намесніка старшыні Менгарвыканкама Андрэя Дамарацкага, у Менску адміністрацыі раёнаў прымаюць рашэнне па адмене абмежаванняў па рэалізацыі алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, паведамілі FINANCE.TUT.BY ва ўпраўленні гандлю і паслуг Менгарвыканкама.

Алкаголь

„Учора ўжо тры раёны – Заводскі, Партызанскі і Першамайскі – адмянілі абмежаванні. Сёння ўсе раёны прадставяць мне такія рашэнні, — каментуе начальнік упраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкама Ніна Емяльянава. – Таму з сённяшняга дня ўсе крамы будуць рэалізоўваць алкагольную прадукцыю на працягу ўсяго рэжыму працы”. Гэта значыць, калі крама працуе да 23.00 або 2.00, то продаж дазволены да самага закрыцця. Гэта ж тычыцца ранішняй рэалізацыі: з таго моманту, калі гандлёвая кропка адкрываецца, яна мае права прадаваць алкаголь.

Нагадаем, што раней продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў крамах сталіцы абмежавалі з 22.00 да 9.00. Забарона пратрымалася два месяцы і дзесяць дзён.

Рашэнне пра зняццё абмежаванняў прынята ў працяг нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі.

Услед за сталіцай у Гомелі адмянілі абмежаванне на продаж алкаголю ў начны час.

Актывістка антыалкагольнай кампаніі „Хопіць піць – трэба жыць” Наталля Крывашэй лічыць, што забарона на продаж алкаголю з 22-й вечара да 9-й гадзіны раніцы была дастаткова эфектыўнай мерай:

– У пачатку траўня начальнік галоўнага ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі МУС Алег Каразей казаў, што ўвогуле ў нашай краіне ў хуткім часе будзе прыняты закон, які афіцыйна забароніць продаж алкаголю з 22:00, і зараз здымаюць гэтую забарону ўвогуле незразумела чаму. Статыстыка кажа, што менавіта забарона продажу алкаголю ў начны час зменшыла смяротнасць ад атручвання алкаголем у два разы.

У Гомелі абмежаванне на продаж алкаголю было ўведзенае ў кастрычніку 2013-га году. За гэты час прадстаўнікі праваахоўных органаў неаднаразова канстатавалі змяншэнне правапарушэнняў сярод гамельчукоў на глебе алкагольнага ап’янення.

Беларускае Радыё Рацыя