У Беларусі з’явілася магчымасць вяртаць частку грошай за пакупкі на AliExpress
„Альфа-Банк” (Беларусь) запусціў разам з лідарам сусветнага анлайн-гандлю пляцоўкай AliExpress кабрэндавую бонусную дэбетовую карту Alfa-AliExpress з кешбэкам да 5%.
Як заявіў 6 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску менеджар па развіцці бізнесу AliExpress Дамінік Інсогна, беларускі „Альфа-Банк” стаў чацвёртым банкам у свеце, які запусціў з AliExpress сумесную праграму лаяльнасці. Акрамя Беларусі, выпускам кабрэндынгавых карт пляцоўка стымулюе таксама пакупнікоў у Ізраілі, Паўднёвай Карэі і Расеі.
„Беларусь — перспектыўны рынак для AliExpress, і мы зацікаўлены ў падвышэнні ўзроўню якасці анлайн-сэрвісу і развіцці новых прапаноў. Кабрэндавая бонусная дэбетовая карта Alfa-AliExpress — прывабнае рашэнне для беларускіх карыстальнікаў”, — растлумачыў Інсогна.
Трымальнікі карты атрымаюць бонусы за кожную транзакцыю ў адпаведным аб’ёме, якімі можна будзе кампенсаваць усе наступныя пакупкі на AliExpress. Сума кампенсацый складае 5% пры пакупках на AliExpress, 1% — у астатніх інтэрнэт-крамах, 0,5% — пры іншых транзакцыях.
Сабраўшы суму бонусаў за пакупкі па карце Alfa-AliExpress, карыстальнікі змогуць выкарыстоўваць яе для кампенсацыі кошту пакупак на гандлёвай пляцоўцы AliExpress праз мабільны банк InSync.
Дэбетовая карта выпускаецца ў беларускіх рублях на базе плацежнай сістэмы Visa, з падтрымкай тэхналогіі бескантактавых плацяжоў payWave. Карта выпускаецца бясплатна, штомесячнае абслугоўванне абыдзецца ў 1,49 рубля.
„Кабрэндавы праект з AliExpress — гэта новы ўзровень партнёрства для рынку. Пагадненне з такім буйным гульцом карысна для сотняў тысяч беларусаў, якія часта робяць пакупкі на AliExpress. Людзі змогуць атрымліваць відавочную выгаду і эканоміць, „Альфа-Банк” жа разлічвае істотна падвысіць транзакцыйную актыўнасць кліентаў”, — падкрэсліла кіраўнік па электронным бізнесе „Альфа-Банка” Вольга Філіпенка.
Фота: ТАСС