У беларускіх флагманаў упала рэальная крэдыторка



Галоўныя прадпрыемствы краіны паведамілі пра памеры запазычанасці ў 2022 годзе. Намінальны рост абавязацельстваў кампаній суправаджаецца зніжэннем у рэальным выражэнні.

Крэдыторская запазычанасць — гэта абавязацельствы бізнесу перад партнёрамі за пастаўленую прадукцыю, аказаныя паслугі і выкананыя работы. Таксама гэта можа быць запазычанасць перад персаналам па аплаце працы і па плацяжах у дзяржказну, паведамляе сайт banki24.by.

Як правіла, даныя аб стане фінансаў і разлікаў буйных і сярэдніх кампаній прыходзяць з затрымкай ад заканчэння справаздачнага перыяду. Таму ў жніўні самая свежая інфармацыя адпавядала справаздачнай даце 1 ліпеня.

На 1 ліпеня крэдыторская запазычанасць флагманаў Беларусі склала 67,8 млрд BYN. З пачатку года памер крэдыторкі флагманаў вырас на 2,3% (паводле Белстата). Для параўнання: за ўвесь 2021 год запазычанасць павялічылася на 7,7%, за 2020 год — на 12,8%, за 2019 год — на 10,8%, за 2018 год — на 8,1%.

У параўнанні з 1 ліпеня 2021-га крэдыторка вырасла і таго менш — на 1,4%. Акрамя слабога росту ў намінале крэдыторка скарацілася ў рэальным выражэнні.

Цэны і тарыфы ў асноўных сектарах эканомікі, якія вымяраюцца дэфлятарам ВУП, выраслі за 6 месяцаў на 16,3% да 2021 года. Такім чынам, рэальная крэдыторка ўпала за 12 месяцаў на двухзначны працэнт.

Больш за астатніх вінныя крэдыторам флагманы Мінска — 23,4 млрд BYN. Сярод абласцей найбольшую суму запазычанасці паказала Мінская — 12,1 млрд BYN.

У астатніх абласцей памеры запазычанасці былі наступнымі: Брэсцкая — 5,4 млрд BYN, Віцебская — 5,9 млрд BYN, Гомельская — 8,4 млрд BYN, Гродзенская — 6,2 млрд BYN, Магілёўская — 6,3 млрд BYN.

Сярод галін эканомікі самую вялікую крэдыторку паказала прамысловасць — 26,2 млрд BYN. За палову 2022 года сума крэдыторкі ў прамысловасці павялічылася ўсяго на 0,8% (у намінале). Гэта значыць, што ў рэальным выражэнні крэдыторка прамыслоўцаў упала да ўзроўню 1 студзеня.

Унутры прамысловасці асноўны аб’ём крэдыторкі назапасілі апрацоўчыя галіны — 22,8 млрд BYN. З пачатку года да справаздачнай даты памер запазычанасці скараціўся на 0,4%.

У флагманаў сельскай гаспадаркі крэдыторка на 1 ліпеня дасягнула 10,7 млрд BYN (рэкорд за перыяд замераў), у будаўніцтве склала 6,737 млрд BYN (рэкорд), у аптовым гандлі — 4,341 млрд BYN, у гандлі ў розніцу — 7,012 млрд BYN (рэкорд), у транспартнай сферы — 3,0 млрд BYN, у сферы інфармацыі і сувязі — 1,502 млрд BYN, у прафесійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасці — 4,269 млрд BYN.