У беларускія рэгіёны шырока ўваходзяць кітайскія крэдыты



Гарадзеншчына істотна пашырае супрацоўніцтва з Кітаем, карыстаючыся фінансавымі прапановамі гэтай краіны. У прыватнасці, кітайскія спецыялісты будуюць смеццеперапрацоўчы завод каля Гародні і маюць кантракт на мантаж лініі электраперадач ад Астравецкай атамнай станцыі. Такім чынам у эканоміку Гарадзеншчыны шырока ўваходзяць кітайскія звязаныя крэдыты, якія па словах старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Федыніча, з’яўляюцца даволі небяспечнымі для фінансавай стабільнасці рэгіёна:

– Кітай дае крэдыты на сваіх умовах. Яму гэта выгодна. Ідзе кітайская прадукцыя. Ідзе кітайская працоўная сіла. Ды яшчэ павінны атрымаць працэнты за крэдыты. Чаму не даваць такія крэдыты. Вось таму іх называюць звязанымі, то бок даюць грошы, будуйце, але працоўныя іхныя. Гэта не выгодныя крэдыты.

Яшчэ адзін бізнэс – праект, які можа ажыццявіцца бліжэйшым часам – продаж кітайцам гатэля “Гродна” ў абласным цэнтры. Аукцыён адбудзецца ўжо ў кастрычніку, і ў выпадку станоўчага выніку кітайскі бок плануе пабудаваць у Гародні рэстаран і цэнтр кітайскай медыцыны.

Беларускае Радыё Рацыя