У „Белнафтахім” плануюць ўкласці 8,2 млрд. даляраў
У 2016-2025 гадах у мадэрнізацыю прадпрыемстваў канцэрна „Белнафтахім” плануецца інвеставаць 8,2 млрд. даляраў, паведаміў намеснік старшыні канцэрна Ігар Бабыр 25 траўня падчас прэс-канферэнцыі на ААТ „СветлагорскХімвалакно” (Гомельская вобласць).
Бабыр зазначыў, што ў пачатку мая савет канцэрна зацвердзіў канцэпцыю развіцця „Белнафтахіма” на гэты перыяд.
Згодна з дакументам у нафтаздабыўной прамысловасці ключавой задачай застаецца павышэнне эфектыўнасці распрацоўкі новых радовішчаў і тых, што знаходзяцца ў эксплуатацыі. У нафтаперапрацоўчай прамысловасці працягнецца паэтапная мадэрнізацыя НПЗ, накіраваная на павелічэнне глыбіннай перапрацоўкі нафты за кошт максімальнага ўключэння ў перапрацоўку нізкадаходных цёмных нафтапрадуктаў.
У хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці дакумент прадугледжвае засваенне новых відаў прадукцыі, якія пакуль не вырабляюцца ў Беларусі, паглыбленне перапрацоўкі сыравіны з атрыманнем новых прадуктаў з высокім дададзеным коштам, мадэрнізацыю існуючых вытворчых магутнасцяў.
Паводле слоў Бабыра, у выніку павінна быць забяспечаная глыбіня перапрацоўкі нафты на Мазырскім НПЗ і „Нафтане” на ўзроўні да 90%, а адбор светлых нафтапрадуктаў — на ўзроўні больш за 75%. Таксама запланаваны выпуск новых відаў прадукцыі, у тым ліку з нафты: нафтавага коксу, суцэльнаметалакордных шын пэўнага дыяметра, высокаачышчанага парафіну, лакафарбавых і іншых матэрыялаў.
У прыватнасці, у Светлагорску ўжо пачаты выпуск новых відаў прадукцыі з выкарыстаннем вугляродных валакністых матэрыялаў для бытавога і медыцынскага выкарыстання, напрыклад, абсарбуючых сурвэтак, якія ўжываюцца пры апёках і ранах, экрануючых чахлоў для планшэтаў і мабільных тэлефонаў, якія дазваляюць зрабіць апарат недаступным для выклікаў, не выключаючы яго.
Намеснік старшыні канцэрна паведаміў, што за папярэднія пяць гадоў аб’ём укладзеных інвестыцый у цэлым па „Белнафтахіме” склаў 8,9 млрд. даляраў. Паводле слоў Бабыра, за студзень—красавік 2016 года аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 4,3 трлн. рублёў. З пачатку года завершаныя тры інвестпраекты на розных вытворчасцях.