У Бруселі – тэрміновая сустрэча па пытанні Грэцыі
Лідары краінаў еўразоны праводзяць сёння ў Бруселі тэрміновую сустрэчу па пытанні даўгавога крызісу ў Грэцыі. Краіне пагражае дэфолт, паколькі яна не ў стане абслугоўваць свае даўгі з-за нежадання леварадыкальнага ўрада Алексіса Цыпраса пагадзіцца на меры жорсткай эканоміі ў абмен на працяг міжнароднай фінансавай дапамогі.
У нядзелю Цыпрас прапанаваў новы пакет рэформаў у спробе разблакаваць замежную фінансавую дапамогу і пазбегнуць дэфолту.
Учора ў Афінах некалькі тысяч прыхільнікаў леварадыкальнай партыі Цыпраса «Сірыза» правялі дэманстрацыю з патрабаваннем не саступаць ціску міжнародных крэдытораў і не ўводзіць меры жорсткай эканоміі дзеля атрымання фінансавай дапамогі.
Да канца чэрвеня Грэцыя павінна ажыццявіць ключавыя выплаты па крэдыце МВФ, на што грошай у яе пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя
