У Бярозаўскім раёне рыхтуецца да запуску фотаэлектрастанцыя
Яна размешчана на тэрыторыі Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі” і ўяўляе сабой шэраг сонечных калектараў, энергія ад якіх будзе пастаўляцца ў агульныя электрычныя сеткі. Мяркуецца, што Фонд асабліва ахоўваемых тэрыторый, якому належыць фотаэлектрастанцыя, будзе зарабляць з яе дапамогай каля 47 тысяч даляраў у год.
Каментуе нацыянальны каардынатар Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Леўчанка:
– Мы дамовіліся, што гэтыя грошы не пойдуць на павелічэнне заробку, яны не пойдуць на набыццё бензіну і так далей. Яны пойдуць выключна на развіццё нашых асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, на ахову біяразнастайнасці і так далей.
Кошт фотаэлектрастанцыі склаў 170 тысяч даляраў. Такім чынам, па сённяшніх урадавых расцэнках яна акупіцца за тры з паловай гады.
Фонд асабліва ахоўваемых тэрыторый – гэта аб’яднанне ўсіх заказнікаў Берасцейшчыны, створанае па ініцыятыве Праграмы малых грантаў ГЭФ дзеля больш устойлівага развіцця кожнага з іх.
На фота: Дырэктар фірмы-падрадчыка Андрэй Цалка дэманструе гатоўнасць сонечных батарэй да працы.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара