Чарговы раз падвышаюцца цэны на аўтамабільнае паліва
Канцэрн „Белнафтахім” зноў падвышае рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва.
„Рознічныя цэны на аўтамабільны бензін і дызельнае паліва з 4 красавіка на аўтазаправачных станцыях павялічваюцца на 1 капейку, або ў сярэднім на 0,75%”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.
Кошт літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,26 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,34, АІ-98-К5-Еўра — 1,55, ДП — 1,37.
Цяперашняе падаражанне стане шостым з пачатку года, у сакавіку цэны павышаліся чатыры разы. Першае адбылося 8 лютага, калі кошт паліва вырас на 2 капейкі, 10, 15, 24 і 30 сакавіка цана павышалася на 1 капейку.
Раней крыніца ў нафтахімічнай галіне заявіла, што на працягу найбліжэйшых месяцаў плануецца падвысіць цэны на аўтамабільнае паліва да роўню цэн на прыгранічных запраўках у Расеі. Паводле інфармацыі БелаПАН, гаворка ідзе пра падвышэнне ўнутранай цаны на бензін на 8%, дызельнага паліва — на 4,5%.
Мяркуецца, што цяперашні этап падвышэння ўнутраных цэн на паліва працягнецца да мая. „Калі ў маі прыйдзем да цэн на паліва на ўнутраным рынку, якія супастаўныя з расейскімі, і не адбудзецца ніякіх макраўзрушэнняў, то абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымаюць прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі. Што тычыцца чыстага прыбытку, то з улікам закрэдытаванасці заводаў многае ў гэтым плане залежыць ад стабільнасці абменнага курсу рубля, паколькі крэдыты прыцягваліся ў замежнай валюце”, — паведаміла БелаПАН крыніца ў нафтахімічнай галіне.
Яна растлумачыла, што ў пачатку гэтага года страты ад рэалізацыі паліва на ўнутраным рынку прыкладна ў два разы перавышалі прыбытак заводаў ад рэалізацыі прадукцыі на экспарт.
У 2017 годзе цана на паліва павялічвалася сем разоў, а да гэтага больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 году) не змянялася.