У чэрвені знізяцца працэнтныя стаўкі па банкаўскіх крэдытах



У чэрвені ў Беларусі знізяцца працэнтныя стаўкі па некаторых банкаўскіх крэдытах. Гэта звязана з рашэннем Нацыянальнага банка. Рэгулятар пераглядзеў на чэрвень разліковыя велічыні стандартнай рызыкі, то бок працэнтны паталок па банкаўскіх крэдытах. Гэтыя велічыні для фізічных асоб складуць 14,89%, а цяпер гэта 15,41%. Для юрыдычных асоб зніжэнне будзе меншым. На гэтыя лічбы павінны арыентавацца банкі, калі выстаўляюць працэнтныя стаўкі па крэдытах, іх нельга перавышаць.

Да разліковай велічыні стандартнай рызыкі прывязаныя працэнтныя стаўкі па некаторых крэдытах на нерухомасць і аўтамабілі на агульных умовах. Пры падзенні гэтага паказчыка банкі павінны змяніць працэнтныя стаўкі па такіх крэдытах у бок іх паніжэння, піша news.zerkalo.io.

Акрамя таго, Нацбанк з 31 мая ў чарговы раз знізіць стаўку рэфінансавання з 10 да 9,75% гадавых. Да гэтага паказчыка прывязаныя стаўкі па некаторых крэдытах, у тым ліку на нерухомасць.

Сярэдні заробак знізіўся на 18 рублёў

У красавіку намінальны налічаны заробак (да выліку падаткаў) склаў 1795,9 рубля. У сакавіку ён складаў 1814,2 рубля, таму за месяц знізіўся на 18 рублёў 30 капеек. Калі браць у даляравым эквіваленце, то цяперашні сярэдні заробак склаў 612,5 даляраў. Але пасля вылічэння падаткаў ды іншых выплат, то застаецца на рукі прыкладна 527 даляраў, або крыху больш за паўтары тысячы рублёў.

Самы высокі заробак зафіксавалі ў Менску – 2430 рублёў. Сярод рэгіёнаў лідзіруе Менская вобласць – 1776 рублёў. Найменшыя заробкі на Магілёўшчыне – там меншы за паўтары тысячы ў сярэднім.

Газ у Еўразвязе працягвае таннець

Біржавыя цэны на газ у Еўрапейскім звязе апусціліся ніжэй за 300 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. Такое падзенне зафіксаванае ўпершыню з 20 мая 2021 года, піша Office Life. Яшчэ на мінулым тыдні біржавая цана на газ упала ніжэй за 350 даляраў за тысячу кубаметраў.

Зніжэнне цаны на газ аналітыкі тлумачаць лішкам прапановы. Дадатковымі фактарамі патанення газу называюць сумесныя тэндары па закупцы газу краінамі Еўразвязу і рост долі ветравой энергетыкі.

У Польшчы будуць выпускаць сучасныя анкалагічныя прэпараты

Вядомая фармацэўтычная кампанія Polfa Tarchomin будуе сучасны Цэнтр распрацоўкі і вытворчасці анкалагічных прэпаратаў. Будынак ужо гатовы, вядуцца завяршальныя работы – мантаж неабходных установак і сістэм. Вытворчасць лекаў павінна пачацца ў канцы 2024 і пачатку 2025 гадоў.

У Цэнтры будуць выпускацца прэпараты, якія дазволяць паспяхова змагацца з хваляй аналагічных захворванняў у Польшчы. Гаворка ідзе аб прэпаратах для лячэння вострага лейкозу, раку малочнай залозы, міеломнай хваробы. Канцэрн будзе выпускаць 6 мільёнаў доз у год. Паралельна паўстае таксама лінія па вытворчасці іншых лекавых сродкаў. Цэнтр распрацоўкі і вытворчасці анкалагічных прэпаратаў будзе абсталяваны самымі сучаснымі вытворчымі лініямі, што дазволіць выпускаць гармоны, стэроіды ды іншыя прэпараты.

Кошт інвестыцыі складае больш за 550 мільёнаў злотых (амаль 123 мільёны еўра), піша агенцтва IAR.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: katolik.life.