У Данецку беларускія лекі сталі элітнымі
У непрызнанай Данецкай Народнай Рэспубліцы ўсё большую папулярнасць набываюць беларускія лекі. Прадукцыя беларускіх фармацэўтаў мае ў Данецку статус “элітнай” і прадаецца па значна вышэйшых коштах, чым украінскія і расейскія аналагі.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Неўзабаве пасля таго, як данбаскія сепаратысты аб’весцілі пра выхад са складу Украіны, на аптэчных палічках ДНР зніклі лекі ўкраінскай вытворчасці, якія складалі аснову асартыменту. У большасці данецкіх аптэк не было нават ёду, аспірыну ці аднаразовых шпрыцоў.
Праблемы паспрабавалі былі вырашыць коштам паставак расейскіх аналагаў. Але аналагі гэтыя выявіліся нізкаякаснымі, да таго ж вялікая колькасць расейскіх лекаў была ці пратэрмінаванай, ці, відавочна, падробнай. Пастаўшчыкі нават прадавалі іх без адпаведных сертыфікатаў.
Цяпер дэфіцыт медычных прэпаратаў спрабуюць вырашыць за кошт беларускіх вытворцаў. Але ж афіцыйных дамоў пра пастаўкі лекаў між непрызнанай ДНР і беларускімі вытворцамі не існуе. У выніку, у Данецк кантрабандна трапляюць дробныя партыі беларускіх лекаў, якія прадаюцца пераважна на “чорным рынку”. Каштуюць яны ў сярэднім у два-тры разы вышэй за аналагічныя расейскія.
У самой Расейскай Федэрацыі лекі беларускай вытворчасці неаднаразова забараняліся, як шкодныя. Так, летась Федэральная служба па наглядзе ў сферы аховы здароўя забараніла некаторую прадукцыю вытворчасці “Белмедпрэпаратаў” і “Барысаўскага завода медычных прэпаратаў”.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя