У „ДНР” атручваюцца беларускай гарэлкай?



У Данецку пачасціліся выпадкі атручвання мясцовых жыхароў нібыта беларускай гарэлкай. Толькі ў лютым зафіксавана ўжо два смяротных выпадкі, прытым людзі памерлі не ад вялікай колькасці выпітага алкаголю, а менавіта ад яго кепскай якасці.

Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Апошнімі ахвярамі спіртнога, пазначанага як “беларускае”, сталі двое маладзёнаў у адным з пралетарскіх раёнаў Данецка. Вядома, што перад смерцю яны пілі гарэлку “Дзікая качка” берасцейскага лікёра-гарэлачнага завода “Белалка”. У крыві памерлых была знойдзеная атрута.

Берасцейскія вытворцы гарэлкі не экспартуюць сваю прадукцыю на тэрыторыю непрызнанай ДНР. Экспертыза паказала, што гарэлка відавочна падробленая ў кустарных умовах. Вядома, што кантрафактны алкаголь нібыта беларускай вытворчасці вольна прадаецца ў сеткавых супермаркетах і на рынках Данецка. Пардрабляецца ён, хутчэй за ўсё, на тэрыторыі самаагалошанай рэспублікі.

Прычына папулярнасці беларускай гарэлкі на тэрыторыі непрызнанай ДНР – трывалая ўпэўненасць насельніцтва ў надзвычайнай якасці беларускіх тавараў.

Акрамя падробкі беларускага спіртнога, на тэрыторыі самаагалошанай рэспублікі падрабляюць беларускія каўбасы, беларускія малочныя прадукты і нават беларускія лекі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя