У другім паўгоддзі інфляцыя можа паскорыцца
Рост спажывецкіх цэн у другім паўгоддзі можа паскорыцца. Такое меркаванне выказала фінансавы кансультант кампаніі „ТэлетрэйдБел” Жанна Кулакова на прэс-канферэнцыі 28 чэрвеня.
Нагадаем, спажывецкія цэны з пачатку года (за студзень—май) выраслі на 2,5%, а ў гадавым вымярэнні інфляцыя склала 4,4%.
„Па выніках першых пяці месяцаў інфляцыя ў гадавым вымярэнні абнавіла гістарычны мінімум. Аднак у другім паўгоддзі інфляцыйныя працэсы могуць паскорыцца”, — адзначыла Кулакова.
Яна звярнула ўвагу, што рост заробкаў перавышае прадукцыйнасць працы.
„Гэты дысбаланс узнік у канцы мінулага года, і да гэтага часу мы ўсе бачым, што рост заробкаў пераўзыходзіць рост прадукцыйнасці працы. У перспектыве гэта можа прывесці да павелічэння інфляцыйнага націску”, — лічыць эксперт.
Таксама, мяркуе яна, паскарэнню інфляцыі можа паспрыяць рост спажывецкага крэдытавання.
„Крэдытны бум захоўваецца і абумоўлены тым, што спажывецкія крэдыты на фоне зніжэння працэнтных ставак сталі больш даступнымі для насельніцтва. Па выніках года партфель спажывецкіх крэдытаў беларускіх банкаў можа вырасці на чвэрць”, — мяркуе Жанна Кулакова.
На яе думку, крэдытны бум разам з ростам заробкаў, які апераджае рост прадукцыйнасці працы, можа прывесці не толькі да паскарэння інфляцыі, але і да ўзнікнення праблем на валютным рынку.
„Мы бачым, што аб’ём чыстага продажу замежнай валюты на ўнутраным рынку стаў значна больш сціплым у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У студзені—маі чысты продаж валюты на ўсіх сегментах валютнага рынку склаў 424 млн долараў супраць 1.049 млн долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года”, — канстатавала Кулакова.
Значнае зніжэнне аб’ёму чыстага продажу замежнай валюты, мяркуе эксперт, стала следствам неабгрунтаванага росту заработнай платы і павелічэння попыту на спажывецкі імпарт з-за паскарэння спажывецкага крэдытавання.