У ЕАЭС будуць маркіраваць абутак



У ЕАЭС набыло моц пагадненне аб маркіроўцы абутку і ўвядзенні сістэмы назірання.

У адпаведнасці з рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі №72 ад 8 жнiўня 2019 года, 1 сакавіка 2020 года на тэрыторыі Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Расеі ўведзена сістэма маркіроўкі абутку на аснове суправаджэння кожнай пары адмысловым кантрольным знакам і ўведзена электроннае адсочванне руху тавару.

„Для большасці індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі гэта будзе рэалізоўвацца праз некалькі этапаў: купля тавару ў аптовага прадаўца ў Расеі, сканаванне кожнай адмаркіраванай пары абутку, перасоўванне тавару на месца продажу ў нас у краіне, увядзенне яго ў электронную базу і вывядзенне яго з яе пасля продажу, поўнае апісанне тавару для атрымання кодаў маркіроўкі”, — тлумачыў раней старшыня РГА „Перспектыва” Анатоль Шумчанка.

„Перспектыва” выступала супраць гэтага пагаднення паколькі, на думку прадпрымальнікаў, да новаўвядзення не гатовыя ў Расеі, а будуць пакутаваць беларускія ІП.

„На працягу года мы праводзілі кансультацыі з Міністэрствам па падатках зборах. Нас пачулі. З 1 сакавіка сапраўды трэба працаваць у новых умовах па новых дакументах, але да 1 верасня нейкіх санкцый за магчымыя пралікі па віне расійскага боку (дакументы не будуць адпавядаць), ніякіх санкцый да нашых прадпрымальнікаў падатковая інспекцыя прымяняць не будзе”, — растлумачыў Шумчанка.

Пры гэтым, паводле яго слоў, будзе пастаянны маніторынг сітуацыі, наколькі ўсё будзе складацца.

belapan.by