У ЕАЭЗ рыхтуюць да падпісання праект пагаднення па спрашчэнні транзіту



Краіны Еўразійскага эканамічнага звязу плануюць падпісаць пагадненне па спрашчэнні дзейнай у ЕАЭЗ сістэмы транзіту тавараў для выпадкаў, калі павінна быць дадзена забеспячэнне выканання абавязку па выплаце мытных плацяжоў.

Распараджэнне аб накіраванні праекта пагаднення ў дзяржавы-члены для правядзення ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для яго падпісання, прыняў савет Еўразійскай эканамічнай камісіі 10 ліпеня.

Як паведамляе прэс-служба ЕЭК, асноўнай мэтай пагаднення з’яўляецца стварэнне больш камфортнай сістэмы забеспячэння выплаты мытных плацяжоў пры мытным транзіце.

Дакумент рэгулюе два блокі пытанняў. Першы прадугледжвае магчымасць прымянення спрашчэнняў для дэкларантаў, якія маюць досвед працы з генеральным забеспячэннем пры ажыццяўленні транзітных перавозак і адпавядаюць устаноўленым крытэрыям. Такія дэкларанты змогуць падаваць забеспячэнне ў меншым, чым звычайна, памеры. Зніжэнне сумы можа скласці 20% ці 30% у залежнасці ад выканання шэрагу ўмоў.

Другі блок накіраваны на развіццё паручыцельства як аднаго са спосабаў забеспячэння выканання абавязку па выплаце мытных пошлін, падаткаў, спецыяльных, антыдэмпінгавых, кампенсацыйных пошлін. Ён вызначае агульныя ўмовы прызнання паручыцеляў нацыянальнымі гарантамі і прадугледжвае прымяненне для іх спрашчэнняў на суму ад 10% да 100% ад памеру фінансавай гарантыі.

Закладзены ў пагадненні «льготны» механізм забеспячэння дазволіць знізіць выдаткі ўдзельнікаў знешнеэканамічнай дзейнасці пры ажыццяўленні транзітных перавозак у межах ЕАЭЗ.

Як адзначае прэс-служба ЕЭК, пагадненне зʼяўляецца адным з найбольш прапрацаваных краінамі і камісіяй мытных дакументаў з улікам таго, што праца над ім вядзецца з 2015 года. Цяпер яна падышла да свайго лагічнага заканчэння.

БелаПАН