У ЕАЭС з’явіцца адзіная карта індустрыялізацыі



Еўразійская эканамічная камісія па даручэнні прэм’ер-міністраў краін ЕАЭС рыхтуе адзіную карту індустрыялізацыі Еўразійскага саюза. Пра гэта паведаміў журналістам член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Субоцін 17 верасня ў Менску.

„Калі ў нас саюз, мы павінны мець адзіную прамысловую палітыку, каб прыбраць канкурэнцыю паміж сабой і больш раўнамерна размяркоўваць тавары на тэрыторыі саюза”, — адзначыў Субоцін.

У Еўразійскім саюзе, дадаў ён, „дзе-нідзе назіраецца перавытворчасць асобных тавараў, а дзесьці іх дэфіцыт”.

„Мы пераходзім ад стадыі імпартазамяшчэння да гандлю на экспарт у трэція краіны. Гэта стратэгічная задача адзінай прамысловай палітыкі ў рамках ЕАЭС”, — сказаў Субоцін.

Паводле яго слоў, для гэтага неабходна вырашыць праблему дублявання вытворчасцяў на тэрыторыі ЕАЭС. „Каб не было дублявання вытворчасцяў, усе міністры (прамысловасці) краін ЕАЭС пагадзіліся, што трэба мець карту індустрыялізацыі нашага саюза. Гэта дазволіць паглядзець, дзе і якія засталіся кампетэнцыі і як іх развіваць”, — растлумачыў Субоцін.

Ён паведаміў, што ЕЭК узмоцнена працуе над стварэннем такой карты. „Прэм’ер-міністры ўхвалілі яе стварэнне, у бліжэйшы год-паўтара, я думаю, мы гэтую карту зробім”, — сказаў Субоцін.

На мінулым тыдні намеснік міністра прамысловасці Беларусі паведаміў, што беларускі бок падчас перамоваў з Расеяй выступае за стварэнне на тэрыторыі дзвюх краін адзінай прамысловай палітыкі. „Гэта значыць, мы гаворым пра тое, што на тэрыторыі Беларусі і Расеі не трэба ствараць прадпрыемствы, якія дублююць ужо існуючыя прамысловыя арганізацыі”, — сказаў Гунько на прэс-канферэнцыі ў Менску.

У якасці прыкладу ён прывёў беларускага вытворцу грузавой тэхнікі БелАЗ, „які мае сусветныя кампетэнцыі, свой прадукт, рынак”. „Лагічна было б у Расеі не развіваць і не ствараць клоны БелАЗа на сваёй тэрыторыі”, — падкрэсліў Гунько.

Пры гэтым, дадаў ён, у Расеі ёсць практыка падавання спецінвесткантрактаў, якія дазваляюць расійскаму ўраду прыцягваць замежных інвестараў на рэалізацыю інвестпраектаў.

„З дапамогай спецінвесткантрактаў інвестары атрымліваюць у Расеі асаблівыя ўмовы гаспадарання. Мы кажам пра тое, што калі мы ў рамках адзінай прамысловай палітыкі вызначаем беларускія і расійскія прадпрыемствы цэнтрамі кампетэнцый, то яны не павінны быць ушчэмленыя канкурэнцыяй з боку сусветных гульцоў, якія прыходзяць на беларуска-расійскі рынак”, — растлумачыў Гунько.

belapan.by