У эканоміцы Віцебскай вобласці працягваецца рэцэсія
Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) за студзень-сакавік 2019 года павялічыўся ў Менску і абласцях, за выключэннем Віцебскай, сведчаць дадзеныя Белстата.
У студзені ў Віцебскай вобласці падзенне склала 3,8%, студзені—лютым — 2,9%.
У Магілёўскай вобласці ў студзені—сакавіку ВРП вырас на 0,9% да 1 млрд 842,7 млн рублёў (доля ў ВУП — 6,5%), у Менскай — на 4,3% да 3 млрд 901,2 млн (13,7%), Гарадзенскай — на 0,9% да 2 млрд 154,1 млн (7,5%), Гомельскай — на 1,6% да 2 млрд 806,2 млн (9,8%), Берасцейскай — на 1,3% да 2 млрд 529,2 млн (8,9%).
У Менску ВРП вырас на 1,3% да 8 млрд 322,7 млн рублёў (29,1% ВУП). Неразмеркаваная частка склала 17,2% ВУП.
Валавы ўнутраны прадукт за студзень—сакавік 2019 года вырас на 1,1% да 28 млрд 552,5 млн рублёў. Па выніках 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах.
Эксперты Сусветнага банка ўказваюць, што ў Беларусі захоўваецца тэндэнцыя нераўнамернага эканамічнага развіцця рэгіёнаў. У 2017 годзе валавы рэгіянальны прадукт на душу насельніцтва ў Менску перавышаў краінавы ўзровень у 1,6 разу і быў прыкладна ў два разы вышэйшы за ВРП на душу насельніцтва іншых абласцей краіны без уліку сталіцы. „Мы чакаем, што нераўнамернасць у развіцці рэгіёнаў, хутчэй за ўсё, захаваецца. Фактараў супрацьстаяць гэтай тэндэнцыі няшмат”, — адзначыў эканаміст СБ у Беларусі Кірыл Гайдук 2 лістапада мінулага года на прэзентацыі спецыяльнай запіскі, прысвечанай няроўнасці ў краіне.
Ён канстатаваў, што эканамічныя паказчыкі рэгіёнаў шмат у чым залежаць ад іх месцазнаходжання. Аўтары спецыяльнай запіскі рэкамендавалі аказваць мэтавую дапамогу найменш забяспечаным слаям насельніцтва, а не траціць гэтыя рэсурсы на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў і стварэнне працоўных месцаў у рэгіёнах. „Сусветная практыка такая, што людзі павінны ісці да працоўных месцаў, а не наадварот. Гэты падыход дазваляе забяспечыць эфектыўную занятасць”, — падкрэсліў Гайдук.
У сувязі з гэтым эксперты СБ рэкамендавалі не ствараць камерцыйныя праекты за кошт дзяржавы. „Замест разгортвання дарагіх мэтавых мер, накіраваных на захаванне працоўных месцаў у рэгіёнах за кошт рэалізацыі буйных дзяржаўных інвестыцыйных праектаў, неабходныя ўніверсальныя праграмы, арыентаваныя на падтрымку пераходу да больш прадуктыўнай занятасці, пераважна ў прыватным сектары”, — гаворыцца ў даследаванні.
belapan.by