У эканоміцы Віцебскай вобласці працягваецца рэцэсія



Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у студзені—красавіку 2019 года павялічыўся ў Менску і абласцях, за выключэннем Віцебскай, сведчаць дадзеныя Белстата.

У студзені ў Віцебскай вобласці падзенне склала 3,8%, студзені—лютым — 2,9%, студзені—сакавіку — 2,6%, студзені—красавіку — 1,7%.

У Магілёўскай вобласці ў студзені—красавіку ВРП вырас на 0,9% да 2 млрд 513,8 млн рублёў (доля ў ВУП — 6,4%), у Менскай — на 5,6% да 5 млрд 438,4 млн (13,9%), Гарадзенскай — на 1,5% да 2 млрд 973,2 млн (7,6%), Гомельскай — на 1,8% да 3 млрд 769,6 млн (9,7%), Берасцейскай — на 1,8% да 3 млрд 493,4 млн (9%).

У Менску ВРП вырас на 1,3% да 11 млрд 283,9 млн рублёў (28,9% ВУП). Неразмеркаваная частка склала 17,4% ВУП.

Валавы ўнутраны прадукт у студзені—красавіку 2019 года вырас на 1,4% да 39 млрд 64,7 млн рублёў. Па выніках 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах.

Рэцэсія ў Віцебскай вобласці звязана з адсутнасцю рэформаў рэгіянальнай палітыкі ўладаў. Такое меркаванне выказаў раней БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук.

„У беларускіх уладаў адсутнічае рэгіянальная палітыка. Фармальна ў нас ёсць раёны і гарады, але ўсё гэта ў рамках ЗАТ „Беларусь”. Існуе наймацнейшая цэнтралізацыя ўсіх рэсурсаў, сістэма прыняцця палітычных, эканамічных і фінансавых рашэнняў зацыклена на Менск, таму няма віцебскай рэгіянальнай палітыкі, брэсцкай і гэтак далей. Гэта ўсё падраздзяленні аднаго холдынгу, у рамках якога прымаюцца рашэнні”, — адзначыў эксперт.

Паводле яго слоў, як толькі з’яўляюцца праблемы з шэрагам прадпрыемстваў, у прыватнасці з наваполацкім „Нафтанам”, гэта адразу ж аказвае ўплыў на эканамічныя паказчыкі. Таксама Віцебская вобласць мяжуе з Расеяй і назіраецца адток у суседнюю краіну прадпрымальніцкіх капіталаў і працоўных рэсурсаў. „Гэта таксама тлумачыць, чаму Віцебская вобласць з’яўляецца адной з самых адсталых абласцей у нашай краіне”, — падкрэсліў Раманчук.

belapan.by