У эканоміцы Віцебскай вобласці працягваецца рэцэсія



Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у студзені–жніўні 2019 года павялічыўся ў Менскай, Гомельскай і Берасцейскай абласцях, а таксама ў Менску. У Віцебскай і Гарадзенскай абласцях ВРП знізіўся, у Магілёўскай – застаўся на ўзроўні мінулага года. Пра гэта сведчаць дадзеныя Белстата.

У студзені ў Віцебскай вобласці падзенне склала 3,8%, у студзені–лютым – 2,9%, студзені–сакавіку – 2,6%, студзені–красавіку – 1,7%, студзені–маі – таксама 1,7%, студзені–чэрвені – 2%, студзені–ліпені – 1,6%, студзені–жніўні – 1,4% да 6 млрд 80,4 млн рублёў (доля ў ВУП склала 7,2%).

Таксама ВРП у студзені–жніўні знізіўся ў Гарадзенскай вобласці – на 0,2% да 6 млрд 772,6 млн (доля ў ВУП – 8,1%). Раней падзенне валавога рэгіянальнага прадукту ў гэтай галіне назіралася таксама ў студзені–чэрвені.

У Магілёўскай вобласці ў студзені–жніўні ВРП застаўся на леташнім узроўні і склаў 5 млрд 703,6 млн рублёў (доля ў ВУП – 6,8%).

У Менскай вобласці ВРП вырас на 5,5% да 12 млрд 823,7 млн (15,3% у ВУП), у Гомельскай – на 0,5% да 8 млрд 416,9 млн (10%), у Берасцейскай – на 2% да 7 млрд 730,3 млн (9,2%).

У Менску ВРП павялічыўся на 0,9% да 23 млрд 218,2 млн рублёў (27,7% у ВУП). Неразмеркаваная частка склала 15,7% ВУП.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені–жніўні 2019 года вырас на 1,1% да 83 млрд 915,2 млн рублёў.

Па выніках 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах.

Працяг рэцэсіі ў Віцебскай вобласці звязаны з адсутнасцю рэформаў рэгіянальнай палітыкі ўладаў, адзначаў раней у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук. «У беларускіх уладаў адсутнічае рэгіянальная палітыка. Фармальна ў нас ёсць раёны і гарады, але ўсё гэта ў рамках умоўнага холдынга »Беларусь«. Існуе наймацнейшая цэнтралізацыя ўсіх рэсурсаў, сістэма прыняцця палітычных, эканамічных і фінансавых рашэнняў зацыкленая на Менск, таму няма віцебскай рэгіянальнай палітыкі, берасцейскай і гэтак далей. Гэта ўсё падраздзяленні аднаго холдынга, у межах якога прымаюцца рашэнні», – сказаў ён.

Паводле слоў Раманчука, як толькі з’яўляюцца праблемы з шэрагам прадпрыемстваў, у прыватнасці з наваполацкім «Нафтанам», гэта адразу ж уплывае на эканамічныя паказчыкі. Таксама Віцебская вобласць мяжуе з Расеяй і назіраецца адток у суседнюю краіну прадпрымальніцкіх капіталаў і працоўных рэсурсаў. «Гэта таксама тлумачыць, чаму Віцебская вобласць зʼяўляецца адной з самых адсталых вобласцяў у нашай краіне», – падкрэсліў Раманчук.

БелаПАН