У эканоміцы Віцебскай вобласці сем месяцаў працягваецца рэцэсія



Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) у студзені—ліпені 2019 года павялічыўся ў Менску і абласцях, за выключэннем Віцебскай, сведчаць дадзеныя Белстата.

У студзені ў Віцебскай вобласці падзенне склала 3,8%, у студзені—лютым — 2,9%, студзені—сакавіку — 2,6%, студзені—красавіку — 1,7%, студзені—траўні — таксама 1,7%, студзені—чэрвені — 2%, студзені—ліпені — 1,6% (доля ў ВУП склала 7,1%).

У Магілёўскай вобласці ў студзені—ліпені ВРП вырас на 0,7% да 4 млрд 856,4 млн рублёў (доля ў ВУП — 6,7%), у Мінскай — на 5,8% да 10 млрд 961,1 млн (15,1%), Гомельскай — на 0,8% да 7 млрд 248,3 млн (10%), Брэсцкай — на 2,2% да 6 млрд 604,6 млн (9,1%), Гродзенскай — на 0,1% да 5 млрд 789,2 млн (8%).

У Менску ВРП павялічыўся на 0,8% да 20 млрд 190,3 млн рублёў (27,9% ВУП). Неразмеркаваная частка склала 16,1% ВУП.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—ліпені 2019 года вырас на 1,3% да 72 млрд 489 млн рублёў.

Па выніках 2017 і 2018 гадоў ВРП павялічыўся ва ўсіх рэгіёнах.

Рэцэсія, якая працягваецца ў Віцебскай вобласці, звязана з адсутнасцю рэформаў рэгіянальнай палітыкі ўладаў, адзначаў раней у каментары БелаПАН выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук.

„У беларускіх уладаў адсутнічае рэгіянальная палітыка. Фармальна ў нас ёсць раёны і гарады, але ўсё гэта ў рамках умоўнага холдынгу „Беларусь”. Існуе наймацнейшая цэнтралізацыя ўсіх рэсурсаў, сістэма прыняцця палітычных, эканамічных і фінансавых рашэнняў зацыклена на Мінск, таму няма віцебскай рэгіянальнай палітыкі, брэсцкай і гэтак далей. Гэта ўсё падраздзяленні аднаго холдынгу, у рамках якога прымаюцца рашэнні”, — заяўляў эксперт.

Паводле яго слоў, як толькі з’яўляюцца праблемы з шэрагам прадпрыемстваў, у прыватнасці з наваполацкім „Нафтанам”, гэта адразу ж аказвае ўплыў на эканамічныя паказчыкі. Таксама Віцебская вобласць мяжуе з Расіяй і назіраецца адток у суседнюю краіну прадпрымальніцкіх капіталаў і працоўных рэсурсаў. „Гэта таксама тлумачыць, чаму Віцебская вобласць з’яўляецца адной з самых адсталых абласцей у нашай краіне”, — падкрэсліў Раманчук.

belapan.by