У Гарадзенскай і Віцебскай абласцях падаражэў праезд у грамадскім транспарце
У Гарадзенскай і Віцебскай абласцях падаражэў праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце. Гарадзенскі аблвыканкам прыняў адпаведнае рашэнне 20 лістапада, Віцебскі — 22 лістапада. У сераду яны былі апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У згаданых абласцях падаражанне праезду склала 5 капеек. Цяпер талон каштуе 55 капеек, а калі яго купляць у кіроўцы — 65. Некалькі дзён таму такое ж падаражанне праезду ў грамадскім транспарце адбылося ў Менскай вобласці. Плануецца яно і ў Менску. Новы старшыня Менгарвыканкама Анатоль Сівак заявіў, што „гэтае пытанне неабходна дэталёва прапрацаваць”. Што гэта можа азначаць, пакуль невядома. Паведамлялася, што да канца года праезд падаражэе на 5 капеек (папярэдні раз ён падаражаў у сталіцы 1 лістапада 2017 года).