У Гародні абмеркавалі пытанні рэгіянальнай эканомікі
„Ад аднаўлення росту да развіцця канкурэнтаздольнасці”. Так называлася канферэнцыя, якая прайшла ў Гародні. Некалькі дзясяткаў бізнесоўцаў, выкладчыкаў навучальных устаноў і органаў кіравання сустрэліся на форуме, каб абмеркаваць пытанні рэгіянальнай эканомікі Гарадзеншчыны.
Сёлета Гарадзенская вобласць мае адныя з найлепшых эканамічных паказчыкаў. Але праблемы ўсё ж застаюцца. Кажа Аляксандр Чубрык, дырэктар Даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і менеджмента.
– Менавіта Гарадзеншчына прадэманстравала найлепшы вынік з усіх абласцей за апошні год. Вельмі істотна палепшыліся ўмовы, падвысіўся індэкс канкурэнтаздольнасці. Яна паднялася з пятага месца на другое. То бок, паводле нашых разлікаў, яна на другім месцы пасля Менска. Даволі шмат моцных бакоў, якія адзначае і бізнес у тым ліку. За адзіным выняткам – гэта асяроддзе для развіцця інавацый. Магчыма ў 2017 годзе сітуацыя пачала трохі мяняцца да лепшага, але ўсё ж такі дагэтуль Гародня вельмі моцна адстае па гэтых паказчыках ад іншых абласцей.
Як мяркуе Аляксандр Чубрык, створаны рэгіянальны парк высокіх тэхналогій выправіць гэтае пытанне. Што да мэты такой канферэнцыі, то яна ставіць задачай стварыць устойлівыя дыялогавыя пляцоўкі ў эканамічнай сферы па ўсіх рэгіёнах краіны.
– Такі вось агульны недавер, насцярожанасць, яны існавалі. Нам падалося, што мы тут можам паспрабаваць, бо бачым відавочную карысць ад гэтага. Бо калі пачынаюць людзі ўзроўня першага намесніка міністра эканомікі ці прадстаўнікі Нацбанка, урада казаць пра тое, як яны бачаць праблемы і як яны мяркуюць іх пераадольваць, то гэта станоўча ўспрымаецца грамадствам, бізнесам. Гэта крок істотны для фармавання даверу. Ну, а давер – гэта такая перадумова посьпеху любых рэформаў і зменаў да лепшага.
Ва ўсіх рэгіянальных канферэнцыях, якія ўжо прайшлі ў Гомелі, Віцебску і Магілёве людзі адзначаюць такі негатыўны паказчык, як рост міграцыі з краіны здольных і перспектыўных працаўнікоў. Але забяспечыць такія катэгорыі людзей высокімі заробкамі, каб яны не з’язджалі, можа толькі Менск.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара