У Гародні адчуваецца недахоп камерцыйнай нерухомасці
Асаблівым попытам у Гародні пачалі карыстацца кватэры на першым паверсе шматпавярховікаў. Гэта вынік недахопу камерцыйнай нерухомасці ў горадзе і адпаведна яе высокі кошт. Такія кватэры набываюць з мэтай іх пераводу з жылога ў нежылы фонд.
Кажа намеснік дырэктара агенцтва нерухомасці Андрэй Борка:
– Асаблівай цікавасцю сярод гарадзенцаў карыстаюцца кватэры на першых паверхах з магчымасцю пераводу іх у нежылы фонд – пад крамы, офісы і г.д. Сёння заўважна выраслі кошты на тыя кватэры, якія знаходзяцца на вуліцах з ажыўлённым патокам людзей, дзе ёсць парковачныя аўтамабільныя месцы. Чаму? Таму што гэта разглядаецца, як патэнцыйнае, вельмі выгаднае ўкладанне сродкаў.
Пры пераводзе жылых памяшканняў у нежылы фонд існуе праблема недастатковай гукаізаляцыі. Змяніць сітуацыю магчыма пры ўмове праектавання камерцыйных памяшканняў на першым паверсе ў новых дамах.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
