У Гародні пабудавалі эксперыментальны дом для чаргавікоў
У Гародні ўзвялі першы ў краіне дом для грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, які будаваўся па нізкіх цэнах і без ільготных крэдытаў. Навасёлы атрымалі ключы 21 верасня.
Шматпавярхоўка ў мікрараёне Колбасіна ў Гародні на 64 кватэры будавалася па эксперыментальнай схеме. Яе мэта — зрабіць больш даступным жыллё для чаргавікоў, якія не могуць прэтэндаваць на атрыманне льготных крэдытаў.
Як паведаміў БелаПАН дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага гарвыканкама Анатоль Урублеўскі, заказчыкам выступаў гарвыканкам, а выніковая цана на квадратны метр роўная сабекошту будаўніцтва. Пры гэтым купляць кватэры прапаноўвалі толькі чаргавікам, якія гатовы ўкласці ўласныя грошы без прыцягнення льготнага крэдыту. Новыя ўладальнікі павінны ўносіць штомесячныя плацяжы падчас будаўніцтва, канчатковы разлік — на працягу месяца пасля ўводу дома ў эксплуатацыю.
Кошт квадратнага метра ў эксперыментальным доме склаў 697 рублёў (каля 370 долараў). Гэта на 35—40% ніжэй, чым кошт камерцыйнага жылля ў Гародні. Паводле слоў Урублеўскага, дамагчыся такой нізкай цаны атрымалася за кошт таго, што дом узводзіўся з нулявой рэнтабельнасцю.
„Новая схема прымянялася ўпершыню ў рэспубліцы і паказала сваю эфектыўнасць. Людзі ўбачылі, што па такой нізкай цане можна пабудаваць жыллё”, — адзначыў суразмоўца.
У Гародні сфарміравана яшчэ дзевяць ЖБСК (жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў) для чаргавікоў, якія будуць будавацца па новай схеме без ільготных крэдытаў. Як заявіў Урублеўскі, у будучыні ўсе яны змогуць прэтэндаваць на атрыманне адрасных жыллёвых субсідый, прадугледжаных указам прэзідэнта № 240 „Аб дзяржпадтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”. Дакумент набыў моц у пачатку жніўня.