У Гародні павялічылася колькасць карупцыйных злачынстваў



У Гародні адзначаецца істотнае павялічэнне карупцыйных і эканамічных злачынстваў. Дадзеныя пракуратуры сведчаць пра тое, што за мінулы год было выяўлена больш за пяцьсот парушэнняў заканадаўства, звязаных з атрыманнем хабараў, перавышэннем службовых паўнамоцтваў, а таксама цяжкіх эканамічных злачынстваў. Сотні людзей апынуліся за кратамі, атрымаўшы доўгія тэрміны турэмнага зняволення.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла лічыць, што такая сітуацыя склалася невыпадкова:

— Лукашэнка рэальна не змагаўся і не змагаецца з карупцыяй. Наадварот, ён выбудаваў у Беларусі такую сістэму ўлады, якая па сваёй прыродзе карупцыйная. Чыноўнікі ні за што не адказваюць перад тымі, каму яны служаць — перад народам. Уся іхная дзейнасць схаваная.

Праваахоўныя структуры  Гародні насцярожвае факт істотнага павялічэнне колькасці злачынстваў, звязаных з атрыманнем хабараў: на працягу года іх лічба паболела ў 2 разы. Сярод парушальнікаў заканадаўства большасць складаюць чыноўнікі, а таксама  дырэктары і галоўныя інжынеры прадпрыемстваў. Адзін з гучных прыкладаў – кіраўнік  землеўпарадкавальнай службы гарвыканкама, які атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі за атрыманне хабару.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня