У Гародні прадаюць Дом афіцэраў за адну базавую
Дом афіцэраў у Гародні выставілі на продаж па сімвалічнай цане ў адну базавую велічыню. Знайсці інвестара за нармальныя грошы амаль за сем гадоў так і не ўдалося, піша выданне «Вячэрні Гродна».
Будынак Дома афіцэраў (першапачаткова — Дом стральца) на вуліцы Ажэшка пабудаваны ў 1935 годзе ў стылі польскага канструктывізму. У 1973-м да яго зрабілі прыбудову пад канцэртную залу.
Будынак ужо некалькі гадоў не выкарыстоўваецца. Спробы ўладаў прадаць яго, у тым ліку на электронных таргах, штораз былі няўдалыя.
У 2015 годзе дом выстаўляўся па пачатковай цане 5,15 млн дэнамінаваных рублёў (на той момант 2,96 млн даляраў). Праз пару гадоў таргі стартавалі ўжо з 1,26 млн рублёў, г.зн. цана знізілася на 80%. У лютым мінулага года таргі таксама не адбыліся, хоць пачатковы цэннік складаў каля 773,6 тыс. рублёў.
Цяпер гэты аб’ект аддаюць амаль задарма — за сімвалічныя 37 рублёў (адна базавая). Аднак, як высветліла выданне ў Гарадзенскім гарвыканкаме, пакупнік будзе абавязаны выканаць некалькі ўмоў.
Перш за ўсё яму трэба будзе ў кароткія тэрміны знесці прыбудову (не пазней за шэсць месяцаў з моманту зацвярджэння праектнай дакументацыі), а сам Дом афіцэраў рэканструяваць на працягу чатырох гадоў з моманту заключэння дагавора куплі-продажу.
Пакупнік зможа ператварыць гістарычны будынак плошчай больш за 5 тыс. кв. м у забаўляльны цэнтр, гасцініцу, рэстаран, краму ці іншы падобны аб’ект.
Дакладная дата аўкцыёну, які ладзіць «Гроднааблмаёмасць», стане вядомая пазней.