Якія шанцы мае беларуская эканоміка?
У Гародні прайшла адкрытая лекцыя аналітыка ў галіне эканомікі Сяргея Чалага. У Цэнтры гарадскога жыцця ў простай форме ён распавёў, якія шанцы мае беларуская эканоміка.
Ці могуць адбыцца станоўчыя перамены ў эканамічным жыцці. Улады іх баяцца, бо з эканамічнымі зменамі павінна быць і палітычная трансфармацыя, а страціць уладу наменклатура не жадае. Сяргей Чалы параўнаў гэта з вопытам савецкіх спробаў рэфармавання эканомікі .
– Яны якую выснову зрабілі? Патрэбны больш сур’ёзныя рэформы. А тады нараджаецца лозунг “перабудовы”. І здавалася б у нас пасля няўдачы “паскарэння” аналогія павінна была б прадоўжыцца. Але Лукашэнка ж ведае досвед тых, хто калісці гэта запусціў. Гэта скончылася тым, што тыя, хто запусціў гэтыя рэформы, сталі ахвярамі і страцілі ўладу, а ў выніку страцілі і краіну. Таму ў нас такая дзіўная сітуацыя. Мы эканамічна жывем пасля „паскарэння” перад „перабудовай”, а палітычна мы жывем у застоі.
Дапамог арганізаваць цікавую лекцыю па эканамічным развіцці Беларусі ў Гародні «Цэнтр Новых Ідэй» з Менску, і яго дырэктар Антон Раднянкоў. Недахоп тэмаў для дыскусій па макра- і мікраэканоміцы ў рэгіёнах адчуваецца істотна. Падобныя выязныя лекцыі, на яго думку, паляпшаюць такую сітуацыю.
– Мы займаемся тым, што якраз такі папулярызуем рэформы, разумеем, што такое рэформы ў Беларусі. Адпаведна ў межах нашай дзейнасці мы арганізоўваем лекцыі ў розных гарадах – у асноўным у абласных цэнтрах. Праводзім розныя адукацыйныя мерапрыемствы для маладых лідараў з рэгіёгнаў, проста для моладзі, летнія школы ладзім.
Пасля лекцыі Сяргея Чалага, прысутныя змаглі задаць пытанні. Сярод гарачых тэмаў, якія абмеркавалі ўдзельнікі: пасткі нізкага эканамічнага росту, адсутнасць палітычнай волі на правядзенне рэформаў, рост дабрабыту, праблема адтоку працаздольнага насельніцтва з Беларусі, прыватызацыя ды іншыя.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня