У Гародні правялі круглы стол па прадпрымальніцтве



Дыскусійны круглы стол „Прадпрымальніцтва ў Беларусі ў 2016 годзе” прайшоў у Гародні. Госці з Менску, Яраслаў Раманчук з цэнтра Мізеса і Леанід Заіка з аналітычнага цэнтра „Стратэгія”, правялі дыскусіі з гарадзенскімі прадпрымальнікамі, якія цяпер знаходзяцца ў вельмі цяжкай сітуацыі.

Кажа Яраслаў Раманчук:

– Дыскутавалі на тэму: як адаптавацца да рэаліяў крызісу, як выжываць. Таму што асноўны выклік заключаецца ў тым – ці ўвогуле прадпрымальнікі як клас, як сацыяльна-эканамічныя група выжыве, ці яна будзе ліквідаваная. Мэта нашага спаткання – парэкамендаваць і парадзіць прадпрымальнікам, што рабіць у гэтай сітуацыі, каб голас прадпрымальніцтва не трапіў у ігнор. Таму што трэба тут разумець, што не толькі ўлады вінаватыя у тым, што адбываецца з прадпрымальнікамі, а таксама сам бізнэс, які на працягу 20 гадоў амаль не інвеставаў нічога ў стасункі са сваімі пакупнікамі і вытворцамі.

На думку Раманчука, бізнэс цяпер адчувае сябе ў скуры палітычнай апазіцыі 10-15 гадоў таму. Калі не было кансалідацыі ў асяроддзі палітыкаў. „Цяпер, калі  няма кансалідацыі ў бізнэс-супольнасці, то смерць  надыйдзе паасобку,” – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота novychas.by