У гэтым годзе ВУП рос толькі за кошт Парка высокіх тэхналогій (абноўлена)



Праблемныя прадпрыемствы больш не атрымаюць дзяржаўнай фінансавай падтрымкі

Пры тым, як заявіў журналістам на Кастрычніцкім эканамічным форуме першы віцэ-прэмʼер Аляксандр Турчын, у топ-100 акцыянерных прадпрыемстваў з перавагай дзяржаўнай долі – усе жыццяздольныя.

Мы ўзялі топ 100 акцыянерных абʼяднанняў. Выбудоўваем на іх сістэму карпаратыўнага кіравання. На мой субʼектыўны погляд, з гэтай першай сотні я не бачу прадпрыемстваў, якіх трэба закрываць. Ёсць прадпрыемствы, якія працуюць самастойна, ёсць прадпрыемствы, якім дзесьці трэба падставіць плечы, і яны пойдуць далей. Прычым, я яшчэ раз хачу сказаць, што размова не ідзе пра новую дзяржаўную падтрымку, дзеля таго, каб ва ўсіх было яснае разуменне. Магчыма дзесьці рэструктурызацыя запазычанасці, але ні пра якія новыя грашовыя сродкі размовы няма.

Паводле Аляксандра Турчына, праграма рэформ, якую Беларусь рыхтуе сумесна з Сусветным банкам, знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, але не назваў тэрміны яе рэалізацыі.

***

«Нашым невялікім ростам мы абавязаны ПВТ», – заявіў падчас адкрыцця Кастрычніцкага эканамічнага форуму першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын.

– Сёння ІТ-галіна ў Беларусі па ўнёску ВУП стала на роўні з аграрнай галіной. З той галіной, якая традыцыйна была гістарычнай спецыялізацыяй нашай краіны. Увогуле, гаворачы мовай, звыклай мясцовым беларускім кіраўнікам: наступная пяцігодка ў нашай краіне мусіць стаць і па назве, і па духу, і па зместу – лічбавай.

Паводле першага віцэ-прэм’ера, беларусам прыйдзецца зразумець, што новыя працоўныя месцы могуць з’яўляцца дзе заўгодна, але толькі не ў індустрыяльным і аграрным сектарах.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск