У Глыбокім з крамаў знікла малако мясцовай вытворчасці



У глыбоцкіх крамах, якія належаць Раённаму спажывецкаму таварыству, знікла малочная прадукцыя Глыбоцкага МКК. Шматлікія пакупнікі прызвычаіліся да мясцовай прадукцыі і пры выбары малочнага тавару аддаюць ёй перавагу. На іх думку, яна самая якасная і смачная.

Такая сітуацыя ў Глыбокім ужо некалькі дзён, што выклікае нязручнасці для аматараў мясцовых малочных прадуктаў.

Кажуць глыбачане:

– З усіх “малокаў” я больш за ўсё люблю нашае. Сама там працавала. У смятане вялікі працэнт тлушчу – і густая яна, добрая. З другіх камбінантаў малако не хачу купляць, бо я ведаю, як яно робіцца. 

Некалькі дзён у некаторых дзяржаўных крамах Глыбокага ўвогуле было немагчыма купіць малочныя прадукты, але зараз там пачала з’яўляцца прадукцыя іншых малочнакансервавых камбінатаў.

Кажа старшыня праўлення Глыбоцкага раённага спажывецкага таварыства Марына Толкач:

– Прымаюцца меры. У нас была запазычанасць перад малочным камбінатам, таму, натуральна, нам не адгружалі прадукцыю. Але сітуацыя выпраўляецца. 

У камерцыйных крамах, у адрозненне ад дзяржаўных, ёсць глыбоцкія малочныя прадукты, але яны хутка разбіраюцца.

Таццяна Смоткіна, Беларукае Радыё Рацыя, Глыбокае