У Гомельскага хімзавода праблемы з-за вайны
Як пішуць „Гомельскія ведамасці”, сёлета прадпрыемства планавала адправіць на экспарт 56% сваёй прадукцыі. Каля 79% валюты паступала ад украінскіх пакупнікоў.

З-за вайны пастаўкі ва Украіну мінеральных угнаенняў спыніліся, іх спадзяюцца прадаваць у Расею (але не раней за красавік). Для гэтага ў Расейскай федэрацыі праводзіцца сертыфікацыя часткі прадукцыі хімзавода і выбудоўваюцца „лагістычныя ланцужкі на ўсходні рынак”.
„Частка супрацоўнікаў скарысталася сацыяльным адпачынкам”, — кажа намеснік дырэктара па эканоміцы і фінансах Максім Манько пра цэхі, у якіх выраблялася прадукцыя для Украіны. Ён называе гэта „вымушанай аптымізацыяй”. Тыя ж цэхі, якія былі арыентаваныя на ўнутраны рынак, працуюць.
