У Гомельскай вобласці ўводзяць плату за выезд на машыне за мяжу
Гомельская вобласць уводзіць мясцовы збор пры выездзе транспартнага сродку за межы краіны. Гэта прадугледжана рашэннем Гомельскага абласнога савета дэпутатаў № 245 ад 29 сакавіка, апублікаваным 5 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Мясцовы збор будзе дзейнічаць з 1 чэрвеня 2021 года па 1 студзеня 2023 года і спаганяцца за перасячэнне дзяржмяжы транспартнымі сродкамі ў пунктах пропуску незалежна ад колькасці пасажыраў. Збор складзе базавую велічыню (сёння гэта 29 рублёў).
Ад яго выплаты вызваляюцца транспартныя сродкі, на якіх рухаюцца: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны; ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і былыя непаўналетнія вязні іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны; грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, калі едуць да членаў сям’і і (або) блізкіх сваякоў, што жывуць ва Украіне; беларусы, а таксама іншаземцы, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, калі едуць для наведвання месцаў пахавання членаў сям’і і (або) блізкіх сваякоў; асобы, якія выязджаюць пасля пахавання членаў сям’і і блізкіх сваякоў; грамадзяне Беларусі і іншаземцы, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў краіне, калі выязджаюць для атрымання медыцынскіх паслуг, а таксама выязджаюць пасля лячэння ў санаторна-курортных арганізацыях Беларусі і (або) атрымання медыцынскіх паслуг.
Акрамя таго, на вызваленне ад мясцовага збору маюць права: беларусы і іншаземцы, якія адпраўляюцца ў службовую камандзіроўку, а таксама вяртаюцца з камандзіроўкі з Беларусі; члены афіцыйных дэлегацый, прадстаўнікі замежных арганізацый, якія прыбылі ў Беларусь паводле запрашэння (афіцыйнага ліста).
Практычна ўсе гэтыя катэгорыі грамадзян павінны мець пры сабе пацвярджальныя дакументы.
Акрамя таго, збор не будзе спаганяцца пры руху па аўтадарозе Славуціч — Чарнобыльская АЭС з транзітных транспартных сродкаў, якія рухаюцца па ёй у адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем Беларусі і Украіны аб спрошчаным праездзе беларускага ўчастка гэтай дарогі.
Раней аналагічнае рашэнне было прынятае ў Гродзенскай вобласці.