У індустрыяльным парку „Вялікі камень” пачалі будаўніцтва жылля
У кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень” пачалі ўзвядзенне жылля. Урачыстая цырымонія пачатку будаўніцтва прайшла 21 лістапада, паведамляе адміністрацыя парку.
156-кватэрны жылы дом павышанай камфортнасці з чыставой апрацоўкай кватэр будзе складацца з васьмі секцый, ён уяўляе сабой будынак зменнай паверхавасці (пяць і шэсць паверхаў). Частку першага паверха будуць займаць памяшканні для аб’ектаў сацыяльна-бытавога абслугоўвання першых жыхароў індустрыяльнага парку і прылеглай вёскі Быкачына. Агульная плошча жылога дома складзе 13.449 кв. м.
„Характэрна, што ў сістэме гарачага водазабеспячэння жылога дома будзе выкарыстаная сістэма геатэрмальных цеплавых помпаў, якая дазволіць забяспечыць будучых жыхароў бесперабойным гарачым водазабеспячэннем круглы год”, — гаворыцца ў паведамленні.
Праект будзе рэалізаваны за кошт тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая ў рамках міжурадавага беларуска-кітайскага пагаднення.
Першы намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку” Кірыл Карацееў ў кастрычніку ў эфіры праграмы „Тыдзень” тэлеканала СТВ адзначыў: „Гэта будзе 156-кватэрны дом. „Фішка” ў тым, што мы размяшчаем зараз усе неабходныя сацыяльныя інфраструктуры ў межах гэтага дома. Гэта значыць ва ўбудаваных памяшканнях першага паверха будуць пункт аховы правапарадку, фельчарскі пункт і ўся астатняя неабходная сацыяльная інфраструктура ў тым маштабе, у якім яна патрэбная цяпер”.
„Наступным крокам будзе бальніца на тэрыторыі парку. Праект ужо фактычна гатовы. Засталіся толькі нейкія пэўныя штрыхі, і мы ўжо можам яго прасоўваць у працу. Таксама паводле дамоўленасці з кітайскім бокам плануецца прыцягнуць пад яго рэалізацыю тэхнічную дапамогу”, — сказаў Карацееў.
„Мы зараз распрацоўваем ў рамках першага этапу (нагадаю, першы этап — гэта 850 гектараў) прыблізна 25-30 гектараў жылля. Гэта дзесьці 120 тысяч квадратных метраў жылой плошчы на выхадзе. Прыблізна 50, напэўна, дамоў. Максімум шэсць паверхаў, дзесьці і аднапавярховыя будынкі „, — дапоўніў прадстаўнік адміністрацыі парку.
Як паведамляў БелаПАН, на будаўніцтва жылога арэнднага комплексу ў парку „Вялікі камень” плануецца прыцягнуць на бязвыплатнай аснове 127,17 юаняў (прыкладна 20 млн долараў). СЗАТ „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку” вызначаная атрымальнікам тэхніка-эканамічнай дапамогі для рэалізацыі праекта.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пачалі ствараць у 2012 годзе на падставе міжурадавага пагаднення паміж КНР і Беларуссю. Ён уяўляе сабой тэрыторыю плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу, будуецца за 25 км ад Мінска. Прыярытэтныя напрамкі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне, новыя матэрыялы. На сённяшні дзень у парку зарэгістравана 39 рэзідэнтаў.
belapan.by