У каго растуць заробкі?
Эканаміст Барыс Жаліба пракаментаваў чарговы рост сярэдняга заробку.
Сярэдні заробак «бруднымі» за жнівень склаў 844,4 рубля (каля 435 даляраў), паведамляе Белстат. У параўнанні з ліпенем заробак вырас амаль на 17 рублёў.
Барыс Жаліба: Калі беларускі кіраўнік паставіў задачу, каб да канца году сярэдні заробак дасягнуў 1000 рублёў, то ён абавязкова будзе агучаны. Тым больш, што мы бачым, што Белстат штомесяц паведамляе аб росце заробкаў.
РР: За кошт чаго яны растуць?
Барыс Жаліба: Па-першае, ёсць прырост унутранага валавага прадукта (звыш 1 адсотка). Таму ў камерыцыйных прадпрыемстваў ёсць падставы падвысіць заробкі. Акрамя таго, усе мы чулі, што бюджэтнікам у асобе сілавікоў двойчы будзе падвышэнне да канца году. Вось яшчэ адзін стымулятар росту.
РР: На ваш погялд, які сёння рэальны сярэдні заробак у краіне?
Барыс Жаліба: Мяркую, у раёне 400 даляраў. Іншая справа, што ў тых жа сілавікоў гэтыя заробкі растуць, а ў простых людзей застаюцца на старым узроўні. Увогуле, такая сярэдняя тэмпература па бальніцы – гэта не паказчык дабрабыту людзей.
РР: Беларускія ўлады, мяркуючы па ўсім, вырашылі не спыняцца на сярэднім заробку ў 1000 рублёў…
Барыс Жаліба: Так, была заява, што трэба імнуцца да 1500 рублёў у месяц. Але я такой перспектывы не бачу. Некаторае ажыўленне эканомікі – гэта не падстава для такога росту заробкаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя