У кастрычніку рэальны памер пенсій знізіўся на 1,2%



Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем не змяніўся і склаў 308,2 рубля. У ліпені, чэрвені і маі ён быў роўны 306,6 рубля (на 50 капеек больш, чым у красавіку, сакавіку і лютым 2017 года), у жніўні вырас на 1,6 рубля, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пры гэтым рэальны памер прызначаных пенсій (з улікам росту спажывецкіх цэн) у кастрычніку 2017 года ў адносінах да верасня знізіўся на 1,2% (у верасні да жніўня 2017 года таксама назіралася зніжэнне на 0,3%), да кастрычніка 2016 года — вырас на 0,6%. Рэальная пенсія зніжалася працяглы час. Яе рост у адносінах да папярэдняга месяца раней назіраўся ў жніўні і снежні 2016 года (на 0,4 і 4,2% адпаведна), у ліпені і жніўні 2017 года — на 0,1 і 1,6% адпаведна.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў кастрычніку 2017 года на ўліку стаяла 2 млн 578,5 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 300,3 рубля, што ў два разы перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва. Сярэдні памер пенсіі па інваліднасці склаў 275,4 рубля, у сувязі са стратай карміцеля — 210,1 рубля, сацыяльных пенсій — 183,7.

Як паведамлялася, 1 лістапада ў Беларусі ў сярэднім на 5% былі павышаныя пенсіі. Указ прэзідэнта № 377 „Аб павышэнні пенсій” ад 17 кастрычніка прадугледжвае пераразлік працоўных пенсій у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы ў краіне. Пенсіі скарэкціраваныя зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў, прымененай пры папярэднім пераразліку пенсій. БелаПАН