У кастрычніку зафіксавана самая высокая ў гэтым годзе інфляцыя
У кастрычніку ў Беларусі зафіксаваны самы высокі ў гэтым годзе рост спажывецкіх цэн — 1,2%, сведчаць апублікаваныя 10 лістапада даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
У студзені 2017 года цэны выраслі на 0,9%, у лютым — на 0,5%, сакавіку — на 0,3%, красавіку — на 0,7%, траўні — на 0,3%, чэрвені — на 0, 7%. У ліпені і жніўні назіралася дэфляцыя, калі цэны знізіліся на 0,1% і 0,8% адпаведна. У верасні яны павысіліся на 0,3%. За 10 месяцаў інфляцыя склала 3,9%.
У кастрычніку ў адносінах да верасня цэны на харчовыя тавары выраслі на 1,3% (з пачатку года — на 2,9%), на нехарчовыя — на 0,5% (2,7%), на паслугі — на 2,1 % (8,1%).
Афіцыйны прагноз улад прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. Аднак, як паведаміў 26 чэрвеня першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, урад разлічвае, што да канца года інфляцыя не перавысіць 6—6,5%.
У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%. Прагноз Саўміна на 2018 год — 7%.
belapan.by