У Казахстана ёсць дамоўленасці па транзіце нафты ў Беларусь



У Казахстана ёсць дамоўленасці па транзіце нафты ў Беларусь з кампаніяй „Транснефць”, паведаміў пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў на прэс-канферэнцыі ў Менску 26 снежня.

Ён адзначыў, што пагадненне аб пастаўцы нафты ў Беларусь будзе падпісана пасля завяршэння ўнутрыдзяржаўных працэдур па яго падрыхтоўцы, якія цяпер праходзяць у Казахстане.

Паводле слоў дыпламата, нафта можа пастаўляцца рознымі шляхамі: па нафтаправодзе праз Расею ці па чыгунцы. Гэта пытанне пакуль не ўрэгулявана, адзначыў ён. „Думаю, гэта пытанне, як і пытанне цаны, будзе вырашацца, калі будуць падпісаныя канкрэтныя дамовы з нафтаздабыўнымі кампаніямі ў Казахстане”, — сказаў Бейсенбаеў.

Пакуль жа, удакладніў ён, ёсць „агульнапалітычныя дамоўленасці” аб транзіце нафты праз сістэму „Транснефці” з Казахстана ў Беларусь, дасягнутыя падчас кастрычніцкага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Нур-Султан.

Бейсенбаеў не змог адказаць, у якім менавіта квартале 2020 года будзе заключана пагадненне аб пастаўках нафты. „Больш дакладныя тэрміны могуць сказаць толькі людзі, якія гэтым прафесійна займаюцца. Шчыра кажучы, мы чакалі, што пагадненне будзе падпісана да візіту прэзідэнта [Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан]”, — адзначыў ён.

30 кастрычніка міністр энергетыкі Казахстана Канат Базумбаеў паведаміў журналістам, што яго краіна плануе пастаўляць у Беларусь ад 1 млн да 3,5 млн тон нафты і нафтапрадуктаў у год. „Мы на мінулым тыдні з беларускім бокам парафіравалі пагадненне аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў у Рэспубліку Беларусь і ў цэлым аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне. Асноўныя прынцыпы ўсе гатовыя. Мы ўнутрыдзяржаўныя працэдуры пройдзем, потым кагосьці ўпаўнаважым, то бок мы падпішам, яны падпішуць, далей на ратыфікацыю адправім”, — удакладніў Базумбаеў.

Міністр таксама расказаў пра сваю паездку ў Расею. „Па даручэнні прэзідэнта нашай краіны я вылятаў у Маскву і ў пятніцу-суботу правёў перамовы са сваім калегам Аляксандрам Новакам [міністр энергетыкі Расеі] па шэрагу пытанняў, і яму таксама расказаў пра тое, што ў цэлым мы па прынцыпах з беларусамі дамовіліся”, — сказаў кіраўнік Мінэнерга Казахстана.

Паводле яго слоў, расейскі бок нармальна адрэагаваў на гэта пагадненне. „Ніякай негатыўнай рэакцыі няма. У нас добрыя адносіны з расійскімі калегамі”, — падкрэсліў Базумбаеў.

Раней кіраўнік Мінэнерга Казахстана заявіў, што беларускі бок пагадзіўся не займацца рээкспартам казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў, а Казахстан дасць магчымасць беларускім партнёрам самім дамаўляцца з нафтаздабыўнымі кампаніямі.

21 кастрычніка напярэдадні свайго візіту ў Казахстан Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на блакаванне Расіяй транспарціроўкі казахстанскай нафты.

Па выніках перамоў з прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым 25 кастрычніка ў Нур-Султане Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Казахстан маюць намер правесці з Расіяй кансультацыі аб транзіце казахстанскай нафты. „Мы дамовіліся, што ў найбліжэйшы час правядзем кансультацыі з Расейскай Федэрацыяй, паколькі транзіт, калі гэта будзе магчыма, казахстанскай нафты будзе ажыццяўляцца трубаправодным транспартам праз тэрыторыю Расіі. Думаю, дамовімся”, — сказаў ён.

belapan.by