У Казахстане заявілі пра спробы Беларусі і Расеі абыйсці санкцыі
У Казахстане заявілі пра спробы Беларусі і Расеі абыйсці санкцыі. Дэпутат ніжняй палаты парламента Максат Раманкулаў прапанаваў тэрмінова распрацаваць меры рэгулявання міжнародных аўтатранспартных перавозак. Паводле яго слоў, з-за санкцый шэраг кампаній з РБ і РФ пераносяць бізнес у Казахстан, і ўзнікаюць праблемы.

„Расейскія і беларускія кампаніі рэгіструюцца ў Казахстане, атрымліваюць казахстанскія нумары на вялікагрузы, выбіраюць бланкі дазволаў… і бесперашкодна заязджаюць у Еўропу і выязджаюць адтуль пад сцягам Казахстана”, — гаварыў ён.
Такім чынам кампаніі з Беларусі і Расеі „ствараюць канкурэнцыю і выціскаюць з рынку казахстанскія прадпрыемствы, а значыць зніжаюць даходы мясцовых кампаній і насельніцтва”, паколькі на грузавіках працуюць беларусы і расіяне. Можна не сумнявацца, што ўлады Казахстана прымуць меры „для абароны нацыянальных эканамічных інтарэсаў”.
Як вядома, з красавіка краіны Еўразвяза забаранілі грузаперавозчыкам на зарэгістраваных у Беларусі і Расеі аўтамабілях перавозіць грузы па сваёй тэрыторыі (у тым ліку і транзітам).
