У Кіеве пройдзе маштабная выстава Made in Belarus



З 11 па 14 красавіка ў Кіеве пройдзе выстава беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая будзе самым маштабным выставачным мерапрыемствам Беларусі ва Украіне за апошнія некалькі гадоў, паведамілі БелаПАН ва ўнітарным прадпрыемстве „Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

У найбуйнейшым выставачным комплексе Украіны — кіеўскім Міжнародным выставачным цэнтры — будуць прэзентаваныя вядучыя беларускія брэнды ў сферах машынабудавання і нафтахіміі, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і вытворчасці прадуктаў харчавання, дрэваапрацоўкі і выпуску будаўнічых матэрыялаў, лёгкай прамысловасці, медыцыны і фармацэўтыкі, інфармацыйных тэхналогій, турызму.

Так, на калектыўным стэндзе канцэрна „Белнафтахім” будуць прадстаўленыя яго падведамныя прадпрыемствы „Гродна Азот”, „Нафтан”, „Магілёўхімвалакно”, Завод горнага воску, Гомельскі хімічны завод.

Легкавыя і грузавыя шыны прэзентуе ТАА „Украінскі гандлёвы дом „Белшына”.

Кар’ерныя самазвалы прадставіць „БелАЗ — кампанія-кіраўнік холдынга „БелАЗ-Холдынг”. Сёння ва Украіне працуюць больш за дзве тысячы кар’ерных самазвалаў маркі „БелАЗ” — больш за 90% усяго парку кар’ерных самазвалаў краіны.

Газавыя, газаэлектрычныя і электрычныя пліты, убудаваную тэхніку, паветраачышчальнікі гандлёвай маркі Gefest прадэманструе СП ААТ „Брэстгазаапарат”.

Стартары і генератары для рухавікоў аўтамабіляў, аўтобусаў, сельскагаспадарчай тэхнікі і спецтэхнікі гатовыя прапанаваць украінскаму рынку ААТ „БАТЭ” — кампанія-кіраўнік холдынга „Аўтакампаненты”.

Прыборы начнога бачання, біноклі, аптычныя дэталі (прызмы, лінзы, люстэркі), сігнальныя і пробліскавыя маякі прадэманструе рагачоўскі завод „Дыяпраектар”.

Розныя віды пражы і вырабы з трыкатажу прэзентуе ААТ „Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне „Палессе”.

Сваю прадукцыю на выставе таксама пакажуць ААТ „Шчучынскі масласырзавод”, ААТ „Дзятлаўскі сыраробны завод”, УП „Мінскі холадакамбінат № 2”, Мінскі завод вінаградных вінаў.

Прыём заявак на ўдзел у выставе Made in Belarus у Кіеве працягваецца.

Арганізатарам выставы выступае Беларуская гандлёва-прамысловая палата, выставачным аператарам — выставачнае ўнітарнае прадпрыемства „Белінтэрэкспа”. Экспазіцыя арганізуецца пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне і Гандлёва-прамысловай палаты Украіны.

Першая выстава такога фармату прайшла ў жніўні 2017 года ў Астане (Казахстан). Мерапрыемства атрымалася маштабным: удзел у ім узялі больш за 70 айчынных кампаній. У цырымоніі адкрыцця Made in Belarus удзельнічалі прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў і прэм’ер-міністр Казахстана Бакытжан Сагінтаеў. Непасрэдна падчас выставы было заключана больш за 30 дагавораў і пагадненняў аб намерах. Гэта кантракты на пастаўку ў Казахстан беларускіх трактароў (3.000 шт.), пагрузчыкаў (не менш за 50 адзінак больш як на 2 млн долараў), ювелірных вырабаў, прадуктаў харчавання.

belapan.bу