У кіраўніцтве Міністэрства фінансаў адбыліся змены
У кіраўніцтве Міністэрства фінансаў адбыліся змены, сведчаць звесткі, размешчаныя на сайце ведамства.
Так, намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко стаў першым намеснікам міністра.
Алена Печань, якая займала ў 2015—2020 гадах пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі, 24 верасня прызначаная намеснікам міністра фінансаў.
Таксама на пасаду намесніка міністра прызначаная Вольга Тарасевіч, якая да гэтага на працягу двух гадоў была намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнікам упраўлення рэгулявання аўдытарскай дзейнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання бухгалтарскага ўліку, справаздачнасці і аўдыту Мінфіна.
Варта зазначыць, што да 23 верасня ўключна намеснікам міністра фінансаў працаваў Андрэй Белкавец, які пераходзіць на працу ў „Еўрагандаль” і зойме там пасаду дырэктара па інвестыцыях.
„Сёння я афіцыйна скончыў працу ў Мінфіне, у „Еўрагандлі” пачну працу ў самым хуткім часе”, — паведаміў Белкавец карэспандэнту БелаПАН 23 верасня.
Ён удакладніў, што замест яго курыраваць у Мінфіне фінансавы рынак і дзяржаўны доўг будзе Вольга Тарасевіч.
„У Міністэрстве фінансаў я прапрацаваў амаль 15 гадоў, з іх два гады — на пасадзе намесніка міністра. Гэты этап з’яўляецца важным для мяне, таму рашэнне не было для мяне простым. Але я ўпэўнены, што бягучая каманда Мінфіна будзе гэтак жа эфектыўна вырашаць задачы любой складанасці. Мне цікава паспрабаваць свае сілы ў бізнесе, і я рады, што мае веды і вопыт могуць дапамагчы „Еўрагандлю” дамагчыся новых поспехаў на міжнародных рынках капіталу”, — растлумачыў сваё рашэнне Белкавец.
Як паведамлялася, з 5 чэрвеня пасаду міністра фінансаў Беларусі займае Юрый Селіверстаў. Ранейшы кіраўнік Мінфіна Максім Ермаловіч у ліпені гэтага года прызначаны паслом Беларусі ў Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.