У Кітаі да канца 2019 года адкрыецца 100 беларускіх крамаў



За паўтара года ў Кітаі адкрыецца 100 беларускіх магазінаў, паведаміў у „Твітэры” пасол Беларуcі ў КНР Кірыл Руды, які 16 жніўня ўзяў удзел у цырымоніі адкрыцця магазіна беларускіх тавараў у горадзе Гуйян правінцыі Гуйчжой.

„У Кітаі адкрыўся сеткавы магазін беларускіх тавараў. <…> Да лістападаўскага „Экспа” ў Шанхаі — яшчэ шэсць магазінаў у Кітаі, усяго да канца 2019-га — 100″, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Як паведамляе пасольства Беларусі ў Кітаі, сетка крамаў беларускай прадукцыі пад брэндам Belarus commodity center створаная кітайскай гандлёвай кампаніяй з правінцыі Гуандун — Guangdong Xinjinlai Trade. Магазін у Гуйяне, які адкрыўся, стаў ужо другім у гэтай сетцы.

Мяркуецца, што кітайская гандлёвая кампанія будзе адкрываць крамы беларускіх тавараў у найбуйнейшых гарадах Кітая.

„Акрамя таго, дасягнутая дамоўленасць аб размяшчэнні беларускай алкагольнай прадукцыі ў вядомай у КНР сетцы крамаў Moutai. Для закупак беларускай прадукцыі, кантролю якасці і арганізацыі лагістыкі паставак кампанія ўжо адкрыла ў Беларусі сваё прадстаўніцтва”, — паведамляе пасольства.

На думку Рудага, стварэнне ў Кітаі сеткі прамога збыту беларускіх тавараў гарантуе прымальныя цэны, якасць і адсутнасць кантрафакту.

Кітай уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Беларускі экспарт у КНР у асноўным прадстаўлены прадуктамі харчавання, таварамі хімічнай прамысловасці.

У студзені-траўні адбыўся рэзкі рост паставак у Кітай беларускай малочнай прадукцыі. Так, за першыя пяць месяцаў гэтага года экспарт беларускага малака, згушчаных і сухіх вяршкоў вырас у фізічным выражэнні амаль у восем разоў да 2,4 млн тон, экспарт малочнай сыроваткі — у 2,7 разу да 4,7 млн тон.

Беларусь у 2018 годзе плануе паставіць у Кітай сухога малака на 30 млн долараў і першую партыю мяса птушкі на 5 млн долараў. Адпаведныя пагадненні былі падпісаныя летам гэтага года ў рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў КНР.

У чэрвені гэтага года па рашэнні ўрада была створаная рабочая група для выпрацоўкі аператыўных прапаноў па пытаннях паставак беларускіх прадуктаў харчавання ў Кітай. Групу ўзначаліў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Ёй даручана да 1 лістапада 2018 года падрыхтаваць і ўнесці ва ўрад прапановы аб павелічэнні экспарту беларускіх прадуктаў харчавання ў Кітай.

belapan.by