У Кітай БКК паставіць паўмільёна тон калійных угнаенняў у кантэйнерах



Беларуская калійная кампанія ў 2019—2023 гадах паставіць у Кітай 0,5 млн тон калійных угнаенняў у кантэйнерах. Адпаведны мемарандум падпісаны ў Менску падчас візіту 16—19 траўня кіраўніцтва Усекітайскай асацыяцыі кааператываў забеспячэння ACFSMC і кампаніі CNAMPGC на чале са старшынёй савета дырэктараў ACFSMC Ван Ся, паведаміла прэс-служба БКК.

Дэлегацыя наведала Беларускую калійную кампанію і азнаёмілася з вытворчасцю ААТ „Беларуськалій”. Бакі абмеркавалі фактары і тэндэнцыі развіцця кітайскай сельскагаспадарчай галіны, а таксама перспектывы рынку калію ў КНР.

Адным з прадметаў абмеркавання стала развіццё кантэйнерных адгрузак калію ў Кітай. „Гэты від паставак уяўляе сабой перспектыўны кірунак, бо стварае больш высокі ўзровень сэрвісу. БКК надае вялікую ўвагу арганізацыі кантэйнерных паставак у цэлым: паводле вынікаў 2018 года, гэты від адгрузак складае прыблізна 10% ад агульнага экспарту”, — адзначыла прэс-служба.

Са студзеня 2019 года БКК і яе ключавы партнёр на кітайскім рынку, кампанія CNAMPGC, пачалі тэставы перыяд кантэйнерных паставак, які „пацвердзіў вялікі патэнцыял гэтага напрамку сумеснай працы і прывёў да падпісання новага мемарандума аб супрацоўніцтве паміж БКК і CNAMPGC, скіраванага на развіццё кантэйнерных адгрузак на рынак КНР”.

Мемарандум падпісалі генеральны дырэктар БКК Алена Кудравец і намеснік генеральнага дырэктара CNAMPGC Ван Бэй. Дакумент прадугледжвае пастаўкі ў Кітай больш за паўмільёна тон калійных угнаенняў у кантэйнерах з 2019-га па 2023 год, што з’яўляецца значным аб’ёмам для гэтага тыпу адгрузак. „Гэтае пагадненне стала важкім дадаткам да раней падпісанага пяцігадовага мемарандума аб супрацоўніцтве па пастаўках калійных угнаенняў на адрас CNAMPGC”, — заўважылі ў БКК.

belapan.by