У краме на Гарадзеншчыне знайшлі прадукты, пратэрмінаваныя на два гады
Гарадзенская санстанцыя знайшла рэкордны ўраджай парушэнняў у адной з крамаў вобласці. Па выніках праверкі выкінулі 1700 кг тавараў, а саму краму зачынілі і запатрабавалі правесці там прыборку, паведамляецца на сайце санстанцыі.

У ліку асноўных парушэнняў — продаж пратэрмінаваных прадуктаў харчавання. У краме выявілі 144 найменні такіх тавараў. Прычым тэрмін іх прыдатнасці скончыўся ад 5 дзён да 2 гадоў таму. Акрамя таго кантралёры знайшлі 43,5 кг гнілых садавіны і гародніны.
У 21 выпадку на прадукцыі не было маркіроўкі. А на некаторых прадуктах такіх этыкетак было аж зашмат: супрацоўнікі крамы ляпілі на адзін і той самы тавар цэтлікі з рознымі датамі вырабу. Таксама кантралёры звярнулі ўвагу на брудныя памяшканні крамы, абсталяванне, тару і інвентар. Не выконваліся тэмпературныя рэжымы і таварнае суседства пры продажы прадуктаў.
