У красавіку Беларусь працягне перамовы з МВФ



Перамовы з Міжнародным валютным фондам пра новы крэдыт урад працягне ў красавіку, паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі 3 сакавіка на пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

МВФ

(Фота EPA)

Ён таксама паведаміў, што новая крэдытная праграма з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці.

„Адабрэнне праграмы з ЕФСР увайшло ў працэдурную плоскасць. Дыялог з нашымі калегамі з МВФ будзе працягнуты ў красавіку падчас вясновай сустрэчы групы Сусветнага банка і МВФ”, – сказаў Забароўскі.

Ён падкрэсліў, што дыялог з крэдыторамі беларускія ўлады будуць будаваць з улікам сфармуляваных ўнутры краіны рашэнняў. „Напрамкі эканамічнай палітыкі сфармуляваныя. Калі яны могуць быць падтрыманыя нашымі партнёрамі (крэдыторамі.) – добра, калі не – мы будзем у дыялогу збліжаць пазіцыі, аргументаваць нашы прапановы, якія ўлічваюць асаблівасці беларускай эканомікі”, – заявіў Забароўскі.

Ён адзначыў, што Беларусь, выбудоўваючы сваю эканамічную палітыку, не хацела б паўтарыць памылкі, „якія былі на шляху інстытуцыйнай трансфармацыі многіх краін”. „Усе меры павінны быць вывераныя і адпрацаваныя, каб не атрымалася перакосаў і неэфектыўнасці, непажаданых сацыяльных наступстваў”, – падкрэсліў першы намеснік міністра.

Па новыя крэдыты да МВФ і ЕФСР Беларусь звярнулася ў 2015 годзе. У МВФ Менск разлічвае прыцягнуць пазыку на 3 млрд. долараў, у ЕФСР – на 2 млрд. долараў. Умовай рэалізацыі абедзвюх крэдытных праграм з’яўляецца рэалізацыя мер па рэфармаванні беларускай эканомікі.

belapan.by