Вакансіі на рынку працы Менска: інжынеры, медсёстры, кухары



Самымі запатрабаванымі на сталічным рынку працы ў ліпені 2019 года былі інжынеры, медыцынскія сёстры і кухары, сведчыць абноўлены спіс найбольш запатрабаваных работнікаў, апублікаваны ўпраўленнем занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама.

На 1 жніўня 2019 года ў сталіцы працадаўцы заявілі вакансіі 827 інжынераў, 777 медсясцёр, 615 кухараў.

Сярод найбольш запатрабаваных работнікаў таксама ўрачы (590), вадзіцелі і прыбіральшчыкі памяшканняў (па 576), прадаўцы (495), маляры (328), кантралёры-касіры (302), муляры (307), падсобныя рабочыя (286), тынкоўшчыкі (284), арматуршчыкі (251), рабочыя па комплексным абслугоўванні будынкаў (250), грузчыкі (246), санітаркі (223), фельчары (217), дырэктары (191), электраманцёры (181), выхавальнікі (174), электрагазазваршчыкі (159), кухонныя рабочыя (150), слесары-сантэхнікі (132), слесары механазборачных работ (130), дарожныя рабочыя (128), менеджары (121).

За сем месяцаў гэтага года ў службы занятасці Менска па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 10.674 чалавекі, з іх 4.269 беспрацоўных.

На канец ліпеня 2.319 беспрацоўных у сталіцы мелі права на атрыманне дапамогі, сярэдні памер якой складаў 26,55 рубля. Узровень афіцыйнага беспрацоўя склаў 0,1% эканамічна актыўнага насельніцтва Менска (на канец чэрвеня таксама 0,1%).

На пастаянную і часовую працу з пачатку 2019 года ўладкавана 6.120 чалавек, у тым ліку 1.785 беспрацоўных.

Працаўладкаваная 231 асоба, якая абавязаная кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне яе дзяцей. Аказаная фінансавая падтрымка 76 беспрацоўным у выглядзе субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Кансультацыю па пытаннях прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі атрымалі 1.916 чалавек, арганізаванае навучанне 160. У грамадскіх работах узялі ўдзел 840 чалавек, у тым ліку 783 беспрацоўныя.

Колькасць заяўленых вакансій на прадпрыемствах горада на 1 жніўня 2019 года склала 18.961, у тым ліку для рабочых — 11.580.

belapan.by