У Літве – заўважны рост колькасці кампаній з беларускімі каранямі



У Літве працуюць 42 кампаніі з беларускім капіталам. 2022 год стаў рэкордным паводле прытоку беларускага бізнесу ў гэтую краіну. Пра гэта расказаў намеснік міністра эканомікі і інавацый Літвы Кароліс Жэмайціс падчас ІІ Беларускага бізнес-форуму ў Вільні. Пры гэтым рэлакацыя з Беларусі адбывалася ў дзве хвалі. Першая пачалася ў жніўні 2020 года, а другая пасля пачатку вайны ва Украіне, то бок пасля лютага 2022 года.

Усяго ў Літве працуюць 4092 спецыялісты, рэлакаваныя з Беларусі. З іх больш за паўтары тысячы прыехалі ў мінулым годзе. У краіне працуюць агулам 42 бізнес-праекта з беларускім капіталам.

– 2022 год стаў рэкордным у плане прыцягнення бізнесу ў Літву. Гэта ў шмат чым адбылося дзякуючы беларускім кампаніям, якія пераехалі ў Літву, асабліва з тэхналагічнага сектару. Гэта падтрымала нашу эканоміку, рост інвестыцый, – расказаў Кароліс Жэмайціс. (news.zerkalo.io)

Вoeing ліквідуе даччыную кампанію ў Беларусі

Рашэнне аб ліквідацыі ТАА “Боінг БЛР” прынялі сёлета 1 сакавіка, цяпер юрыдычная асоба знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. На адпаведны запіс у часопісе “Юстыцыя Беларусі” звярнула ўвагу выданне Office Life. Прэтэнзіі ў сувязі з ліквідацыяй кампаніі прымаюцца да сярэдзіны траўня.

Кампанія “Боінг БЛР” была створаная ў кастрычніку 2020 года і адказвала за камунікацыі з мясцовымі рэгулятарамі і спажыўцамі. А Вoeing Company стала першай сусветнай авіябудаўнічай карпарацыяй, самалёты якой 20 гадоў таму ўвайшлі ў тады цалкам савецкі парк нацыянальнага беларускага авіяперавозчыка “Белавія”.

Нацбанк зноў зніжае стаўку рэфінансавання

З 2 мая стаўка рэфінансавання зніжаецца з 10,5 да 10 працэнтаў гадавых, стаўка па крэдыце авернайт — з 11,5 да 11%, стаўка па дэпазіце авернайт — з 9,5 да 9% гадавых. Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем Нацбанка 26 красавіка па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.

Рэгулятар тлумачыць прынятае рашэнне далейшым запаволеннем інфляцыйных працэсаў. Так, у сакавіку гадавы прырост спажывецкіх цэн паменшыўся да 6 працэнтаў супраць 11,7 працэнта ў папярэднім месяцы.

Месяц таму стаўка рэфінансавання была зніжана з 11 да 10,5 працэнта.

2 тысячы даляраў: беларусаў распавёў пра трансплантацыю валасоў у Турцыі

Паслуга па трансплантацыі валасоў штогод прыносіць Турцыі мільёны даляраў. Толькі ў мінулым годзе іншаземцы патрацілі на гэту працэдуру каля 2 мільярдаў даляраў, – піша Myfin.by.

Кошт трансплантацыі залежыць найперш ад метаду, які выкарыстоўваюцца. Іх у асноўным два: ласкутны, больш танны, але з аперацыяй, і бясшоўны, больш дарагі, але без аперацыі. На цану ўплывае і колькасць графтаў – гэта група з некалькіх фалікулаў.  У Турцыі гэтая сфера развівацца ўжо 30 гадоў. Толькі ў Стамбуле працуюць больш за 500 клінік па перасадцы валасоў, па ўсёй краіне – больш за тысячу. У сярэднім аперацыя каштуе 2-3 тысячы еўра. Часта аплачваецца цэлы пакет: сама трансплантацыя, трансфер, пражыванне і аналізы.

У Беларусі перасадку валасоў робяць толькі ў некалькіх сталічных клініках. Кошт складае ад 14800 да 16000 рублёў, гэта мінімум удвая даражэй, чым у Турцыі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар