У „ЛНР” і „ДНР” масава друкуюць фальшывыя грошы



У непрызнаных Луганскай і Данецкай народных рэспубліках наладжаная масавая вытворчасць фальшывых грошай. Пра гэта адначасова заяўляюць у прэсавай службе Адміністрацыі прэзідэнта Украіны па пытаннях Антытэрарыстычнай аперацыі і ў грамадскай агранізацыі “Правая справа”.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Паводле афіцыйных украінскіх крыніцаў, буйная партыя фальшывых расейскіх купюр наміналам у 1000 і 5000 рублёў узору 1997 года  былі выяўлены ў Запарожскай вобласці. Таксама рэгулярна выяўляюцца фальшаваныя ўкраінскія банкноты наміналам у 50 і 100 грыўняў. Якасць падробных грошай дастаткова высокая, адрозніць іх ад сапраўдных можна толькі пры дапамозе адмысловага банкаўскага абсталявання.

Згодна з аператыўнай інфармацыяй, фальшыўкі яшчэ з сакавіка 2015 года масава друкуюцца ў пасёлку Верхняя Дзеравечка, што ў Свярдлоўскім раёне Луганскай вобласці. Мяркуецца, што робіцца гэта пры непасрэдным удзеле кіраўніцтва ЛНР для выплаты зарплат і пенсій на тэрыторыі самаагалошанай рэспублікі.

Беларусам, якія мяняюць грошы на тэрыторыі Украіны, варта быць пільнымі і рабіць гэта толькі ў банкаўскіх установах.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота dnpr.com.ua